Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/22/986247_986248/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:34
22.12.2018 13:33 Грамадства

Журналістку Дзіяну Серадзюк, якая асвятляла акцыю каля пасольства Расіі ў Мінску, аштрафавалі на 490 рублёў

Мінск, 22 снежня. Суд Цэнтральнага раёна Мінска 22 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля расійскага пасольства. Яўген Батура і Святлана Каваленка аштрафаваныя на 20 базавых велічынь (490 рублёў) кожны. Сярод фігурантаў была таксама карэспандэнт газеты "Новы час" Дзіяна Серадзюк, якая асвятляла акцыю. Яе таксама пакаралі штрафам у 20 базавых велічынь, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Удзельнікаў акцыі ў суд прыйшлі падтрымаць актывісты і журналісты. Сярод іх старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Усяго каля 30 чалавек. Актывісты выставілі ў судзе караблікі, але супрацоўнік міліцыі забраў іх.

Серадзюк заяўляла, што на акцыі прысутнічала менавіта як журналіст: здымала ўдзельнікаў акцыі, апытвала іх. На мерапрыемстве была адзначана журналісцкім бэйджам. Да таго ж, адзначала яна, акцыю здымаў на відэа супрацоўнік міліцыі і ўсё, што адбывалася побач з пасольствам, павінна быць зафіксавана.

Суддзя Іван Касцян, нягледзячы на ўсе аргументы з боку журналісткі і рэдакцыі "Новага часу", палічыў, што Серадзюк удзельнічала ў акцыі, а не асвятляла яе. Вердыкт суда прысутныя на пасяджэнні сустрэлі воклічамі "Ганьба!".

Нагадаем, увечары 26 лістапада да пасольства Расіі ў Мінску прыйшлі каля дзесяці чалавек, пераважна з "Моладзі БНФ", якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга. Гэта была акцыя салідарнасці з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон у Азоўскім моры.

У ліку іншых прадстаўнікоў СМІ акцыю асвятляла Дзіяна Серадзюк, але і яе міліцыянеры палічылі ўдзельніцай. Да супрацоўнікаў іншых выданняў міліцыя прэтэнзій не выказвала.

Пазней некалькі ўдзельнікаў акцыі атрымалі па пошце пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239