Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/22/986253_986254/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:36
22.12.2018 14:02 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння і каналізацыі ў раёнах індывідуальнай жылой забудовы

Мінск, 22 снежня. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 488 "Аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі)", якім рэгламентуюцца адпаведныя пытанні ў існуючых раёнах індывідуальнай жылой забудовы.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, указам устанаўліваецца, што будаўніцтва такіх сетак будзе ажыццяўляцца арганізацыямі водаправодна-каналізацыйнай або жыллёва-камунальнай гаспадаркі (эксплуатуючымі арганізацыямі) за кошт уласных сродкаў, у тым ліку прыцягнутых крэдытных і пазыковых сродкаў; уласнікамі аб'ектаў нерухомасці (жылых і нежылых памяшканняў, размешчаных у існуючых раёнах індывідуальнай жылой забудовы) за кошт уласных сродкаў.

Кампенсаваць затраты эксплуатуючых арганізацый на будаўніцтва сетак прапаноўваецца шляхам пералічэння ўласнікамі аб'ектаў нерухомасці платы за далучэнне да гэтых сетак паэтапна (з першапачатковым унёскам у памеры 10% кошту будаўніцтва) альбо адначасова.

Пры далучэнні новых спажыўцоў да сетак, пабудаваных цалкам або часткова за кошт сродкаў уласнікаў аб'ектаў нерухомасці, іх выдаткі таксама будуць кампенсавацца.

Парадак кампенсацыі выдаткаў за далучэнне да сетак, пабудаваных як эксплуатуючымі арганізацыямі, так і ўласнікамі аб'ектаў нерухомасці, будзе вызначаны Саветам міністраў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН