Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/24/986353_123456/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:48
24.12.2018 13:10 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Расія не падтрымала многія нашы прапановы аб больш цеснай інтэграцыі

Мінск, 24 снежня. Пра важнасць для Расіі адносін з Беларуссю заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 снежня на нарадзе па актуальных пытаннях супрацоўніцтва з РФ.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, Расія для Беларусі з`яўляецца ключавым знешнім партнёрам. "Мы заўсёды падкрэслівалі значнасць гэтага ўзаемадзеяння. Усебаковы характар нашых адносін мае сур`ёзнае значэнне не толькі для Беларусі, але таксама і для Расіі. Яны будуюцца на сістэмнай і, самае галоўнае, планавай аснове", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што па ўсіх пытаннях дамоўленасцей з Расіяй у Саюзнай дзяржаве і ў цэлым у плане адносін не толькі як з партнёрамі, але і як брацкай, блізкай Беларусі дзяржавай, рашэнні прынятыя. "І на Вышэйшым дзяржаўным савеце, і на саюзным Саўміне, і ў двухбаковым фармаце падпісаны многія пагадненні. На жаль, як я часта кажу, яны не ўсе выконваюцца", — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што паўгода таму на ўзроўні ВДС былі зацверджаны прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў: "Ёсць праграма дзеянняў. Мы доўга да яе рыхтаваліся, вычлянялі кожнае пытанне, узгаднілі і прапісалі ўсё, на што здольныя мы і на што здольная была найперш Расійская Федэрацыя. У плане падрыхтоўкі ў тыя часы многія нашы прапановы аб больш цеснай інтэграцыі не былі падтрыманы".

У цэлым, паводле слоў Лукашэнкі, ахоплены вельмі шырокі спектр пытанняў: макраэканоміка, бюджэтная, прамысловая і знешняя палітыка, транспартная прастора і міграцыя, ахова здароўя і культура. "Па ўсіх напрамках былі прыняты пэўныя планы. Мы ўшчыльную наблізіліся да стварэння адзінага паліўна-энергетычнага рынку, ідзём да фарміравання агульнай прававой прасторы Саюзнай дзяржавы", — заявіў беларускі кіраўнік.

Нарада адбылося напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў Маскве. Галоўным пытаннем, паводле слоў афіцыйнага лідара Беларусі, стане падатковы манеўр Расіі ў нафтавай сферы і яго наступствы для беларускага бюджэту. Мінск ацэньвае іх у 10,8 млрд долараў ЗША.

Масква ўвязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі са ступенню інтэграцыі дзвюх краін. Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты, заявіў 13 снежня расійскі прэм`ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Брэсце.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, 11 снежня на сустрэчы з дэлегацыяй з Беларусі віцэ-прэм`ер РФ Дзмітрый Казак не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН