Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/25/986372_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:35
25.12.2018 11:22 Палітыка, Эканоміка

Крэмль таксама пацвердзіў сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі

Мінск, 25 снежня. Прэс-служба Крамля таксама пацвердзіла сустрэчу прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і яго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі, якая пройдзе 25 снежня ў Маскве.

"Падчас перамоваў лідары абмяркуюць ключавыя пытанні двухбаковых адносін і перспектывы далейшага прасоўвання інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы", — гаворыцца ў кароткім паведамленні.

Раней сустрэчу пацвердзіла прэс-служба Лукашэнкі. 24 снежня ён правёў у Мінску нараду па актуальных пытаннях супрацоўніцтва з РФ. Афіцыйны беларускі лідар выказаў шэраг прэтэнзій у адрас расійскага кіраўніцтва. У прыватнасці, паводле яго слоў, не выканана абяцанне кампенсаваць страты беларускага бюджэту ў сувязі з падатковым манеўрам ў нафтавай сферы. Як заявіў Лукашэнка, гэтыя страты ўжо дасягнулі за 4,5 млрд долараў ЗША, а да 2024 года складуць яшчэ 10,5 млрд.

Крэмль звязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі са ступенню інтэграцыі дзвюх краін. Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты, заявіў 13 снежня расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Брэсце.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, 11 снежня на сустрэчы з дэлегацыяй з Беларусі віцэ-прэм'ер РФ Дзмітрый Казак не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы".

14 снежня першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Масква не абяцала Мінску выплаціць кампенсацыі з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтагазавай галіне Расіі, бо гэтыя змены з'яўляюцца ўнутранай справай.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН