Лукашэнка назваў велізарным аб'ём праблем у адносінах з Расіяй
Мінск, 25 снежня. На сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 25 снежня ў Крамлі Аляксандр Лукашэнка назваў велізарным аб'ём праблем у адносінах з Расіяй.
"Мы ўдзячныя вам, што, вызначыўшыся, вы знайшлі час, каб тут сустрэцца, абмеркаваць комплекс пытанняў, якія так ці інакш, правільна абмеркаваць пры велізарным аб'ёме праблем, якія ўзнікаюць у нашых адносінах — вельмі прасунутых, вельмі цесных, будзем прама казаць. Ні ў каго няма такіх блізкіх, цесных адносін, як у беларусаў і расіян", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба Крамля.
"Мы ў Санкт-Пецярбургу (6 снежня на саміце ЕАЭС. — БелаПАН.) з вамі дамовіліся, што не будзем рабіць "кашу перамоваў", спраў там было шмат, людзей шмат. Мы дамовіліся працягнуць нашу размову тут, у Маскве", — адзначыў беларускі кіраўнік.
У той жа час ён заявіў: "Калі ў нас ёсць нейкія праблемы, я так думаю — давайце будзем шчырыя, — яны спараджаюцца не тут, не намі. Мы ўцягнутыя ў гэты глабальны працэс, таму праблемы, якія складваюцца ў сусветным гандлі, у сусветнай эканоміцы, у сусветнай палітыцы, ваенных пытаннях, так ці інакш тычацца нас. Мы не хочам быць уцягнутыя ў гэтыя праблемы, але іх трэба вырашаць".
На сустрэчы з расійскімі журналістамі 14 снежня ў Мінску Лукашэнка паведаміў, што галоўнай тэмай цяперашніх перамоваў з Пуціным стане падатковы манеўр Расіі ў нафтавай галіне і яго наступствы для беларускага бюджэту. Паводле падлікаў Мінска, шкода складзе ў агульнай складанасці 15 млрд долараў ЗША.