Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/25/986417_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:19
25.12.2018 20:56 Палітыка, Эканоміка

Пуцін і Лукашэнка дамовіліся стварыць рабочую групу па вырашэнні праблемных пытанняў

Мінск, 25 снежня. Вынікам чатырохгадзінных перамоваў прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі ў Крамлі 25 снежня, стала дамоўленасць пра стварэнне рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў.

"Была дасягнутая дамоўленасць стварыць рабочую групу, якая будзе ўзаемадзейнічаць і складацца з прадстаўнікоў урада. І гэтая рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнні тых надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін", — паведаміў журналістам першы віцэ-прэм`ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць "Газета.ru", падчас перамоваў закраналіся пытанні ўсёй праблематыкі двухбаковых адносін. "У першую чаргу мы абмяркоўвалі змены, які ў наступным годзе будуць адбывацца ў падатковым заканадаўстве Расійскай Федэрацыі, нашы планы па зменах у галіне падаткаабкладання нафтагазавага сектара. Абмяркоўваліся пытанні нашых сумесных дзеянняў у галіне цэнаўтварэння на газ, на энергарэсурсы", — сказаў прадстаўнік расійскага ўрада.

"Дамовіліся таксама пра збліжэнне пазіцый па ўсіх гэтых напрамках", — заявіў ён. Акрамя таго, паводле слоў Сілуанава, адзначалася, што з 2020 года бакі павінны выпрацаваць прапановы па фарміраванні цаны на газ.

Падчас пратакольнай здымкі Пуцін заявіў, што дапускае адсутнасць канкрэтных вынікаў перамоў: "Я сёння прапаную, нават калі мы не выйдзем на нейкія канчатковыя рашэнні, усё-такі мы з вамі дамаўляліся разам паслухаць абодва бакі. А калі дамовімся, зусім будзе добра".

"Мы сапраўды можам дамовіцца, таму што каманды, якія з намі тут знаходзяцца, правялі шэраг раўндаў перамоваў. Яны ведаюць праблемы, ды і мы з вамі ўжо глыбока абазнаныя ў тых пытаннях, якія трэба сёння вырашыць. Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытанні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы", — сказаў у сваю чаргу Лукашэнка.

Напярэдадні сустрэчы абодва бакі выступілі з жорсткімі заявамі. Лукашэнка, у прыватнасці, сабраў нараду па актуальных пытаннях узаемадзеяння з РФ, дзе паведаміў, што на працягу трох гадоў з-за падатковага манеўру беларускі бюджэт страціў амаль 4,5 млрд долараў, а да 2024 года панясе страт яшчэ на 10,5 млрд. Беларускі кіраўнік выказаў здзіўленне, чаму спыніліся перамовы аб кампенсацыі гэтых страт.

У сваю чаргу расійскія чыноўнікі заявілі, што нічога Мінску не абяцалі, а памер падтрымкі залежыць ад ступені інтэграцыі дзвюх краін. Акрамя таго, неназваны прадстаўнік урада РФ абвінаваціў Лукашэнку ва ўтрыманскіх настроях. Масква нагадала Мінску пра невыкананне апошнім шэрагу палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН