Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/25/986424_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:33
25.12.2018 23:33 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка і Пуцін яшчэ раз сустрэнуцца да канца цяперашняга года

Мінск, 25 снежня. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін да канца гэтага года правядуць яшчэ адну сустрэчу, паведаміў тэлеканал "Беларусь 1" са спасылкай на прэс-сакратара беларускага кіраўніка Наталлю Эйсмант.

"Прэзідэнцкія перамовы, безумоўна, можам назваць канструктыўнымі. Прэзідэнты абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў нашага агульнага парадку дня", — адзначыла Эйсмант. Паводле яе слоў, 25 снежня ў Крамлі абмяркоўваліся, у прыватнасці, цэнаўтварэнне на газ, праца нафтаперапрацоўчага сектара ва ўмовах падатковага манеўру, што праводзіцца Расіяй, пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання на расійскі рынак.

"Пазіцыі збліжаныя па ўсіх пытаннях. Акрамя таго, прэзідэнты, асабліва падчас сустрэчы сам-насам, сур`ёзна прааналізавалі дамоўленасці ў рамках Саюзнай дзяржавы, іх рэалізацыю. Было адзначана адставанне па некаторых пазіцыях і выказаныя намеры гэтыя працэсы актывізаваць (гэта тычыцца, напрыклад, правядзення адзінай узгодненай прамысловай палітыкі). У выніку кіраўнікі дзяржаў дамовіліся да новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў, якія не церпяць адкладаў", — паведаміла прэс-сакратар Лукашэнкі.

Паводле яе слоў, у першую чаргу гэта звязана з жаданнем прэзідэнта Расіі глыбей занурыцца ў сутнасць іх праблем, каб знайсці шляхі іх рашэння. Час сустрэчы будзе ўзгоднены "дадаткова з улікам графікаў кіраўнікоў дзяржаў".

Вынікам чатырохгадзінных перамоваў Пуціна і Лукашэнкі 25 снежня ў Крамлі стала дамоўленасць пра стварэнне рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў, паведаміў журналістам першы віцэ-прэм`ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў.

"Рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнні тых надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін", — сказаў чыноўнік.

Падчас пратакольнай здымкі Пуцін заявіў, што дапускае адсутнасць канкрэтных вынікаў перамоў: "Я сёння прапаную, нават калі мы не выйдзем на нейкія канчатковыя рашэнні, усё-такі мы з вамі дамаўляліся разам паслухаць абодва бакі. А калі дамовімся, зусім будзе добра".

"Мы сапраўды можам дамовіцца, таму што каманды, якія з намі тут знаходзяцца, правялі шэраг раўндаў перамоваў. Яны ведаюць праблемы, ды і мы з вамі ўжо глыбока абазнаныя ў тых пытаннях, якія трэба сёння вырашыць. Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытанні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы", — сказаў у сваю чаргу Лукашэнка.

Напярэдадні сустрэчы абодва бакі выступілі з жорсткімі заявамі. Лукашэнка, у прыватнасці, сабраў нараду па актуальных пытаннях узаемадзеяння з РФ, дзе паведаміў, што на працягу трох гадоў з-за падатковага манеўру беларускі бюджэт страціў амаль 4,5 млрд долараў, а да 2024 года панясе страт яшчэ на 10,5 млрд. Беларускі кіраўнік выказаў здзіўленне, чаму спыніліся перамовы аб кампенсацыі гэтых страт.

У сваю чаргу расійскія чыноўнікі заявілі, што нічога Мінску не абяцалі, а памер падтрымкі залежыць ад ступені інтэграцыі дзвюх краін. Акрамя таго, неназваны прадстаўнік урада РФ абвінаваціў Лукашэнку ва ўтрыманскіх настроях. Масква нагадала Мінску пра невыкананне апошнім шэрагу палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН