Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/26/986446_986447/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 01:33
26.12.2018 11:46 Грамадства

У справе аб выбуху на Скідальскім цукровым заводзе выстаўленыя абвінавачанні тром службовым асобам

Мінск, 26 снежня. Завершана расследаванне крымінальнай справы па факце выбуху на Скідальскім цукровым заводзе, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле дадзеных следства, у выніку здарэння, якое забрала жыцці чатырох чалавек, прадпрыемству таксама нанесена маёмасная шкода на суму большую за 500 тысяч рублёў.

З улікам аналізу сабраных фактычных дадзеных следчымі выстаўленыя абвінавачанні ў службовай халатнасці галоўнаму інжынеру камбіната, начальніку цэха гатовай прадукцыі і яго намесніку.

25 лютага 2017 года каля гадзіны ночы падчас транспарціроўкі цукру-пяску па галерэі, якая злучае склад ёмістасцю 15 тысяч тон і галоўны вытворчы корпус прадпрыемствы, адбыўся выбух завіслага ў паветры цукровага пылу.

У выніку здарэння пяць работніц прадпрыемства з апёкамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя. Чатыры з іх памерлі ў сакавіку 2017 года. Яшчэ адной жанчыне прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, яна доўгі час знаходзілася на лячэнні ва ўстанове аховы здароўя і страціла працаздольнасць.

Паводле дадзеных следства, у ходзе транспарціроўкі цукру-пяску ў памяшканнях камбіната ўтвараўся цукровы пыл у высокай канцэнтрацыі, пры гэтым транспартная сістэма ў месцах перасыпання прадукцыі не была належным чынам закрытая. У выніку пыл змешваўся ў завіслым стане з паветрам, назапашваўся на абсталяванні, будаўнічых канструкцыях, паветраводах, падлозе, прадметах і абстаноўцы.

Аспірацыйная прылада, якая выкарыстоўваецца ў цэху гатовай прадукцыі з 2013 года, прызначаная для выдалення пылу, эксплуатавалася неналежным чынам і не забяспечвала яго эфектыўнае выдаленне. Уборка пылу праводзілася нерэгулярна, несвоечасова і не ў поўным аб'ёме.

"Пра выкладзеныя вышэй акалічнасці, якія абумовілі грамадска небяспечныя наступствы, службовыя асобы камбіната былі дакладна праінфармаваныя ў ходзе выканання сваіх службовых абавязкаў. Ім паступалі скаргі на ўмовы працы з боку работнікаў, што пацвярджаецца матэрыяламі крымінальнай справы", — адзначаецца ў паведамленні.

На службовых асоб — галоўнага інжынера, начальніка цэха гатовай прадукцыі і яго намесніка — былі ўскладзеныя службовыя абавязкі па забеспячэнні супрацьпажарнай бяспекі; па арганізацыі, каардынацыі, аператыўным рэгуляванні, праверцы эфектыўнасці і кантролі за станам аховы працы ў цэху, выкананні належных умоў працы падначаленых работнiкаў; па правільнай эксплуатацыі абсталявання, будынкаў (памяшканняў), збудаванняў, прыстасаванняў, утрыманні іх у адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі; па забеспячэнні вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны; па забеспячэнні належнага санітарнага стану ў цэху.

Гэтыя абавязкі, паводле версіі следства, выкананы абвінавачванымі па крымінальнай справе неналежным чынам.

У ходзе расследавання былі дапытаныя больш за 200 чалавек.

Для ўстанаўлення прычыны выбуху праведзена комплексная камісійная судовая экспертыза: выбуховатэхнічная, будаўнічая, тэхнічная, тэхналагічная. Згодна з яе заключэннем, прычынай выбуху з'явілася паступленне з абсталявання цукровага пылу, утварэнне аэразолю (гэта значыць завіслага ў паветры цукровага пылу) у выбухованебяспечнай канцэнтрацыі і яго наступнае ўзгаранне ад крыніцы запальвання, найбольш верагодна, якая ўзнікла ў выніку працы электратэхнічнага абсталявання, або разраду статычнай электрычнасці.

Па запыце беларускіх следчых на прадпрыемства прыбывалі прадстаўнікі кампаніі — пастаўшчыка абсталявання з Польшчы, якая ў тым ліку праводзіла пуска-наладачныя работы ў цэху гатовай прадукцыі.

Акрамя таго, у рамках выканання просьбаў аб аказанні прававой дапамогі, праведзены следчыя дзеянні на тэрыторыі Польшчы і Германіі з удзелам беларускіх следчых.

Таксама ў ходзе расследавання вывучаліся ўмовы эксплуатацыі і стан абсталявання, аналагічнага устаноўленаму ў Скідалі, на іншых прадпрыемствах цукровай прамысловасці Беларусі.

Па ініцыятыве следчых кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі праведзена пазапланавая праверка выканання на камбінаце патрабаванняў пажарнай бяспекі і патрабаванняў у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару.

Следчым камітэтам таксама накіраваны прадстаўленні аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства, у адрас канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН