Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/26/986447_986448/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 09:19
26.12.2018 12:13 Эканоміка, Грамадства

У краінах ЕАЭС пачалі дзейнічаць дадатковыя патрабаванні да маркіроўкі прадуктаў з ГМА

Мінск, 26 снежня. 26 снежня ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) пачалі дзейнічаць дадатковыя патрабаванні да маркіроўкі прадуктаў, атрыманых з прымяненнем генна-мадыфікаваных арганізмаў (ГМА).

Новыя нормы, уключаныя ў саюзны тэхнічны рэгламент "Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі", дазволяць пакупнікам зрабіць больш усвядомлены і правільны выбар харчовых тавараў, паведамляе прэс-служба ЕАЭС.

Надпіс "ГМА" цяпер павінен наносіцца буйным шрыфтам побач з адзіным знакам абарачэння прадукцыі на саюзным рынку — ЕАС. Пры гэтым знак ГМА павінен адпавядаць па форме і памеры знаку ЕАС.

Распрацоўшчыкам змяненняў, паведамляе прэс-служба, "выступіў Расспажыўнагляд з улікам пажаданняў спажыўцоў". Дакумент прайшоў усе неабходныя працэдуры, уключаючы публічнае абмеркаванне і ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне ў краінах ЕАЭС, і быў прыняты на пасяджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ў снежні 2017 года. Тады ж на адаптацыю бізнесу да ўвядзення новых патрабаванняў было адведзена дванаццаць месяцаў.

Ранейшая рэдакцыя тэхрэгламенту аб маркіроўцы харчовай прадукцыі ўжо абавязвала вытворцаў інфармаваць пакупнікоў аб прымяненні і ўтрыманні ГМА (звыш 0,9%) у выглядзе надпісаў: "генетычна мадыфікаваная прадукцыя", "прадукцыя, атрыманая з генна-мадыфікаваных арганізмаў", "прадукцыя ўтрымлівае кампаненты генна-мадыфікаваных арганізмаў". Аднак гэтыя звесткі маглі ўказвацца дробным шрыфтам і не ў строга вызначаным месцы, што не заўсёды дазваляла заўважыць іх на ўпакоўцы.

Тэхнічны рэгламент патрабуе, каб знак ГМА быў нанесены спосабам, які забяспечвае яго лёгкую чытальнасць і бачнасць на працягу ўсяго тэрміну прыдатнасці харчовай прадукцыі.

Рашэннем калегіі камісіі ад 10 мая 2018 года вызначаны пераходны перыяд — 18 месяцаў, на працягу якіх дапускаюцца вытворчасць і выпуск у абарачэнне ў Саюзе харчовай прадукцыі, атрыманай з прымяненнем ГМА, у адпаведнасці з абавязковымі патрабаваннямі па маркіроўцы, якія ўстаноўлены тэхрэгламентам.

Абарачэнне такіх тавараў дапускаецца на працягу тэрміну іх прыдатнасці, вызначанага вытворцам.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239