Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/27/986596_12/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:07
27.12.2018 13:49 Эканоміка

Эксперт: Дырэктыўнае стымуляванне росту зарплат і пенсій можа мець сур`ёзныя наступствы для эканомікі

Мінск, 27 снежня. Дырэктыўнае стымуляванне росту зарплат і пенсій можа мець сур`ёзныя наступствы для эканомікі ў 2019—2020 гадах. Такое меркаванне выказаў БелаПАН член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Яраслаў Раманчук, каментуючы дзеянні ўрада па павышэнні зарплат.

1 верасня ў Беларусі павысілі зарплату работнікам бюджэтных арганізацый. 1 кастрычніка з 34 да 35,5 рубля (на 4,4%) была павышаная тарыфная стаўка першага разраду для работнікаў бюджэтных арганізацый. 1 студзеня 2019 года павышаецца мінімальная заработная плата і зарплата будаўнікоў.

Паводле звестак Белстата, у лістападзе 2018 года сярэдняя зарплата ў краіне склала 994 рублі, у кастрычніку — 999,7 рубля.

Прызначаючы ў жніўні новае кіраўніцтва Саўміна, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго даручэнне дасягнуць "хаця б 1.000 рублёў за сярэдні заробак па краіне" выклікала ў ранейшага складу ўрада паніку. "Колькі крыві папсавалі для таго, каб пераканаць урад, што людзі хаця б няшчасных тысячу рублёў сярэдні заробак у краіне павінны мець. Што трэба падцягнуць сёлета самыя нізкааплатныя пласты — нянечкі ў дзіцячых садках, медсёстры і нянечкі ў бальніцах, якія носяцца з дзецьмі і з намі, калі мы прыхварэем, людзі культуры, сацыяльнага абслугоўвання. Іх трэба сёння падцягваць вышэй. Адны фармулёўкі: "мы не можам", "мы не павінны", "абрынецца курс", "абрынецца краіна", "абрынецца ўсё", — распавёў афіцыйны лідар.

Як адзначыў Яраслаў Раманчук, "сур`ёзнае апасенне выклікае тое, што рост зарплаты ў разы перавышае прадукцыйнасць працы, на 18% супраць 4%". "Гэта забойства таго, колькі зарабляе эканоміка і колькі яна праядае. Без выраўноўвання гэтай прапорцыі нам пагражае перагрэў спажывецкага рынку, націск на цэны", — падкрэсліў эканаміст.

Паводле яго слоў, калі ў эканоміцы будзе занадта шмат грошай, ці эмісійных, ці крэдытных, то пры відавочных цяжкасцях з валютнай выручкай у 2019 годзе будзе павышаная інфляцыя і зніжаная стабільнасць беларускага рубля. "Пра гэта гаварылі раней і экс-прэм`ер Кабякоў, і сам Лукашэнка: патрэбная выразная прапорцыя паміж ростам прадукцыйнасці працы і зарплаты. Інакш будзе паўтор сітуацыі 2011-га ці 2015-га, гіперінфляцыя і рэцэсія. Я думаю, што без умоў штучнага анабалічнага росту эканоміка ў 2018 годзе была б на мяжы рэцэсіі або стагнацыі. Лепш бы ішлі структурныя змены, а не адбывалася такая бяздарная і небяспечная эрозія далікатнай эканамічнай стабільнасці", — лічыць Раманчук.

"Дырэктыўны рост зарплат — гэта логіка палітычнага цыклу. У нас выбары ідуць на фоне таго, каб дамагчыся выніку, а потым за гэта расплачвацца. Я баюся, калі ў нас будзе ісці рост зарплат і пенсій без прывязкі да прадукцыйнасці працы, без прывязкі да павышэння капіталізацыі краіны, гэта абернецца ў наступныя два гады сур`ёзнымі праблемамі ў эканоміцы. Мы зможам ледзь-ледзь прыўзняцца, зрабіць ВУП у 58-60 мільярдаў долараў, а потым зноў апусцімся да ўзроўню 47-50 мільярдаў", — падсумаваў эксперт.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН