Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/27/986629_778996/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 11:48
27.12.2018 16:20 Палітыка, Грамадства

Актывіст і журналіст Мікалай Дзядок атрымаў штраф за размяшчэнне ў інтэрнэце "экстрэмісцкай прадукцыі"

Мінск, 27 снежня. Экс-палітвязень, актывіст анархісцкага руху і карэспандэнт газеты "Новы час" Мікалай Дзядок аштрафаваны на 40 базавых велічыняў (980 рублёў) за распаўсюджванне ў інтэрнэце экстрэмісцкай прадукцыі (ч. 2 арт. 17.11 КоАП). Такое рашэнне прыняў суд Фрунзенскага раёна Мінска 27 снежня.

Дзядка, як паведамляе "Новы час", прызналі вінаватым у размяшчэнні на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" ілюстрацыі з выявай сімволікі міжнароднай асацыяцыі неанацысцкіх арганізацый, якая 10 лістапада 2016 года, праз чатыры месяцы пасля размяшчэння матэрыялу, судом Цэнтральнага раёна Мінска была ўнесеная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Паводле слоў актывіста, яго паведамленне было скіраванае не на прапаганду нацызму, а на яго абвінавачанне. "Карцінка за ліпень 2016-га — ілюстрацыя да паста, у якім я крытыкую людзей за тое, што яны стаяць побач з нацыстамі. Фота прыводжу для абгрунтавання сваіх слоў. Разумееце шарм сітуацыі?" — цытуе Дзядка сайт выдання.

Мэтай публікацый, растлумачыў ён у судзе, было асуджэнне публічных асоб, якія фатаграфуюцца разам з нацысцкай сімволікай, і выступленне супраць размяшчэння бел-чырвона-белага сцяга побач з ёй.

Гэта ўжо не першы штраф, вынесены Дзядку сёлета згодна з падобным артыкулам. 12 ліпеня суд Фрунзенскага раёна аштрафаваў яго на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) паводле абвінавачання згодна з арт. 17.10 КоАП (прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі). Падставай сталі публікацыі актывіста на яго старонцы ў сацсетцы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН