Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/28/986731_986732/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 10:12
28.12.2018 10:37 Палітыка, Грамадства

Шуневіч аб скульптуры гарадавога: Усё, што было ў гісторыі МУС, — святое

Мінск, 28 снежня. Падзеі, што адбываюцца ў апошні час вакол скульптуры царскага гарадавога ў Мінску, не маюць нічога агульнага з шанаваннем гісторыі, заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у праграме "Маркаў. Нічога асабістага", паказанай увечары 27 снежня ў эфіры тэлеканала ОНТ.

"Тое, што было ў мінулым, я яшчэ раз падкрэсліваю, асабліва ў гісторыі Міністэрства ўнутраных спраў, — гэта святое. Вельмі шануем ветэранаў, вельмі шануем нашы традыцыі, нашу школу міліцэйскую", — сказаў Шуневіч.

Ён лічыць скульптуру гарадавога высокамастацкай кампазіцыяй, якая вельмі гарманічна ўпісалася ў гарадскі пейзаж. "Абсалютная большасць наведвальнікаў музея МУС і гэтага месца з задавальненнем фатаграфуюцца з гэтай скульптурнай кампазіцыяй, адчуваюць толькі станоўчыя эмоцыі. Нават калі будуць націраць бляху, мы будзем толькі за", — сказаў міністр.

Пры гэтым ён лічыць, што "ўтрыраванасць розных дзеянняў і рухаў, падзей, якія вакол помніка сёння адбываюцца", не мае нічога агульнага з шанаваннем гісторыі і гарадскімі традыцыямі. "Тыя людзі, якія правакуюць органы ўнутраных спраў, супрацоўнікаў на нейкія спыняльныя дзеянні, — іх мэта вядомая", — мяркуе Шуневіч.

Гарадская скульптура "Мінскі гарадавы" была ўстаноўленая каля будынка МУС у 2017 годзе з нагоды 100-годдзя беларускай міліцыі.

12 сакавіка таго ж года актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў правёў акцыю пратэсту "супраць міліцэйскага гвалту" — накінуў пятлю на скульптуру гарадавога і двойчы паляпаў яе па "твары". Касінерава затрымалі і больш за месяц трымалі пад вартай, але за тыдзень да суда вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 27 красавіка яго пакаралі штрафам у памеры пяці базавых велічынь (115 рублёў).

У лістападзе гэтага года міліцыя апублікавала відэа з 16-гадовым падлеткам, які ўдарыў далонню па "твары" скульптуру гарадавога. Падлетка затрымалі і склалі пратакол па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). На відэа былі запісаныя яго прабачэнні перад МУС і скульптурай. Аднак пазней адміністрацыйную справу ў дачыненні да падлетка спынілі, бо камісія па справах непаўналетніх вырашыла, што ў яго дзеяннях няма складу правапарушэння.

Між тым прэс-служба МУС распаўсюдзіла афіцыйны каментар, у якім было сказана, што скульптура мінскага гарадавога апынулася ў цэнтры нездаровай увагі. У гэты ж дзень Шуневіч паведаміў журналістам, што асабіста прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы відэароліка з выбачэннямі падлетка перад скульптурай.

2 снежня міліцыя яшчэ раз затрымала Касінерава і актывіста аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргея Спарыша, якія прынеслі да скульптуры гарадавога памінальны вянок з надпісам: "Іміджу МУС ад грамадзян Беларусі". На наступны дзень суд Маскоўскага раёна Мінска аштрафаваў абодвух на 30 базавых велічынь (735 рублёў) кожнага па абвінавачанні ў дробным хуліганстве.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239