Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/28/986737_986738/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:52
28.12.2018 11:25 Палітыка, Грамадства

Шуневіч пра журналістаў-фрылансараў: Калі ты фрылансар, будзь гатовы сустрэць на сваім шляху "фрыкопа"

Мінск, 28 снежня. Журналісты-фрылансары пры асвятленні масавых мерапрыемстваў могуць прыцягвацца да адказнасці. Гэта вынікае з выказванняў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў праграме "Маркаў. Нічога асабістага", паказанай увечары 27 снежня ў эфіры тэлеканала ОНТ.

Міністр нагадаў аб хуткім уваходжанні ў сілу змяненняў у закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", якія ён лічыць "дастаткова прагрэсіўнымі". Частка змен датычыцца працы на масавых мерапрыемствах прэсы, заўважыў Шуневіч.

"Калі ты фрылансар, будзь гатовы сустрэць на сваім шляху "фрыкопа", — сказаў кіраўнік МУС. — Калі ты журналіст, то згодна з законам ты абавязаны сябе ідэнтыфікаваць: мець дакумент, які сведчыць асобу, мець дакумент, які пацвярджае тваю прафесійную акрэдытацыю, адметную прыкмету (камізэльку, інфармацыйную таблічку або нарукаўную павязку). Калі ты замежны журналіст — мець пасведчанне аб акрэдытацыі ў нашай краіне. Але, падкрэсліваю, калі ты фрылансар — будзь гатовы сустрэць таго, хто таксама будзе вольны ад пэўных умоўнасцяў для таго, каб ідэнтыфікаваць цябе як журналіста. Ты такім не з`яўляешся".

Шуневіч падкрэсліў, што ў Беларусі пры разгоне несанкцыянаваных вулічных акцый не выкарыстоўваюцца спецсродкі. Ён таксама назваў "абсалютнай хлуснёй" крытыку міліцыі за празмерную жорсткасць, якая перыядычна гучыць.

На пытанне, што МУС палічыць несанкцыянаванай акцыяй, а што не, Шуневіч адказаў: "Тыя людзі, якія хочуць правакаваць уладу, — яны выдатна разумеюць гэту грань".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239