Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/28/986776_986777/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 03:37
28.12.2018 12:21 Палітыка, Эканоміка

Сустрэча Пуціна з Лукашэнкам адбудзецца 29 снежня

Мінск, 28 снежня. 29 снежня Аляксандр Лукашэнка зробіць рабочы візіт у Расію. У Маскве Лукашэнка і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін "працягнуць размову па актуальных пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 снежня", паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Апошняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным адбылася 25 снежня і доўжылася чатыры гадзіны. Прэзідэнты дамовіліся стварыць рабочую групу па вырашэнні праблемных пытанняў, паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў. "Рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнні тых надзённых пытанняў, якія турбуюць ўрады нашых краін", — сказаў ён.

Падчас пратакольнай здымкі перад пачаткам сустрэчы Пуцін дапусціў адсутнасць канкрэтных вынікаў перамоў: "Я сёння прапаноўваю, нават калі мы не выйдзем на нейкія канчатковыя рашэнні, усё-такі мы з вамі дамаўляліся разам паслухаць абодва бакі. А калі дамовімся, зусім будзе добра".

"Мы сапраўды можам дамовіцца, таму што каманды, якія з намі тут знаходзяцца, правялі шэраг раўндаў перамоў. Яны ведаюць праблемы, ды і мы з вамі ўжо глыбока пасвечаны ў тыя пытанні, якія трэба сёння вырашыць. Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытанні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы", — сказаў у сваю чаргу Лукашэнка.

Напярэдадні сустрэчы абодва бакі выступілі з жорсткімі заявамі. Лукашэнка, у прыватнасці, сабраў нараду па актуальных пытаннях узаемадзеяння з РФ, дзе паведаміў, што на працягу трох гадоў з-за падатковага манеўру беларускі бюджэт страціў амаль 4,5 млрд долараў, а да 2024 года панясе страт яшчэ на 10,5 млрд. Беларускі кіраўнік выказаў здзіўленне, чаму спыніліся перамовы аб кампенсацыі гэтых страт.

У сваю чаргу расійскія чыноўнікі заявілі, што нічога Мінску не абяцалі, а памер падтрымкі залежыць ад ступені інтэграцыі дзвюх краін. Акрамя таго, неназваны прадстаўнік урада РФ абвінаваціў Лукашэнку ва ўтрыманскіх настроях. Масква нагадала Мінску пра невыкананне апошнім шэрагу палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239