Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/28/986869_123/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 21:11
28.12.2018 19:57 Палітыка, Эканоміка

Сілуанаў: Апошнім часам мы бачым не заўсёды партнёрскае стаўленне Беларусі да Расійскай Федэрацыі

Мінск, 28 снежня. "Апошнім часам мы бачым не заўсёды партнёрскае стаўленне нашага суседа да Расійскай Федэрацыі", — заявіў першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў тэлеканалу "Россия 24".

"Калі мы ідзем па шляху інтэграцыі, далейшай інтэграцыі (планы такія былі раней сфармуляваныя), то трэба быць партнёрамі. І калі мы ідзем насустрач, то хочам такіх жа крокаў з беларускага боку", — сказаў Сілуанаў. Таму, працягнуў ён, на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў 25 снежня ў Крамлі было вырашана стварыць рабочую групу, паглядзець яшчэ раз на задачы па інтэграцыі, якія раней былі пастаўленыя, абнавіць іх і рухацца ў гэтым кірунку.

"У Расіі адбываюцца падатковыя змены, пра якія мы гаварылі, у першую чаргу ў нафтагазавым сектары. Мы на працягу шасці гадоў плануем цалкам адмовіцца ад экспартнай пошліны на нафту", — нагадаў чыноўнік.

"Робім гэта паступова, — падкрэсліў ён. — У той жа час пры зніжэнні экспартнай пошліны на нафту павышаецца ўнутранае падаткаабкладанне — праз падатак на здабычу карысных выкапняў. І паступова цэны на нафту прыводзяцца ў калідор сусветных цэн. Пры гэтым нашым прадпрыемствам мы даем субсідыі ў выглядзе так званага адмоўнага акцызу. Яны ідуць на мадэрнізацыю галіны. Гэта важна, таму што ў нас яшчэ цэлы шэраг прадпрыемстваў не мадэрнізавалі свае вытворчасці. І, каб яны мелі крыніцу для такіх рэсурсаў, дзяржава дапамагае".

"Што кажуць нашы калегі з Беларусі? Калі вы павышаеце ўнутраныя цэны на нафту, то і мы яе атрымліваем па больш высокай цане. Давайце нам такія ж субсідыі, як вашым прадпрыемствам. Мы кажам: дазвольце, вашы прадпрыемствы — гэта не расійскія прадпрыемствы, не нашы падаткаплацельшчыкі, не расійскія. Яны не пастаўляюць нафтапрадукты на расійскі рынак, пастаўляюць за мяжу, зарабляюць. Пра такое субсідзіраванні эканомікі суседняй краіны з боку расійскага бюджэту можна казаць, калі ў нас будзе больш глыбокая ступень інтэграцыі", — заявіў Сілуанаў.

Чарговая сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі запланаваная 29 снежня.

(Цытаты з інтэрв'ю Сілуанава апублікаваныя на сайце ўрада РФ.)

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН