Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/29/986911/
Дата раздрукоўкі: 30.03.2020 08:01
29.12.2018 14:12 Палітыка, Грамадства

Правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе аб недапушчальнасці здачы незалежнасці Беларусі ў абмен на прэферэнцыі з боку Расіі

Мінск, 29 снежня. Правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе аб недапушчальнасці здачы незалежнасці Беларусі ў абмен на эканамічныя прэферэнцыі з боку Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве, якую прынялі старшыня АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

"Заявы з боку расійскіх чыноўнікаў, прэм`ер-міністра Мядзведзева, дэпутатаў Дзяржаўнай думы змяшчаюць пагрозы акупацыі Беларусі па Крымскім сцэнары, абражаюць нашу краіну і з`яўляюцца недапушчальнымі", — адзначаюць лідары правацэнтрысцкай кааліцыі.

Яны патрабуюць ад беларускага ўрада і МЗС неадкладнай рэакцыі на гэтыя правакацыйныя выказванні прадстаўнікоў расійскіх уладаў.

"Неабходна спыніць прыніжальны гандаль беларускай незалежнасцю і замест гэтага рэструктураваць эканоміку, пазбавіцца ад неэфектыўных метадаў кіравання, спыніць разбурэнне нацыянальнага бізнесу. Сыход ад субсідавання неэфектыўнай беларускай эканомікі праз танныя нафту і газ — шанец для нашай краіны правесці рэформы і пабудаваць канкурэнтаздольную эканоміку. Мы заклікаем беларускі ўрад выкарыстаць гэты шанец і правесці тэрміновыя эканамічныя і палітычныя рэформы з мэтай умацавання беларускай эканомікі і беларускай незалежнасці", — падкрэсліваецца ў заяве.

Правацэнтрысцкая кааліцыя таксама заклікае ўсе дэмакратычныя палітычныя сілы Беларусі да аб`яднання для абароны суверэнітэту і незалежнасці бацькаўшчыны.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН