Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/29/986939_445566/
Дата раздрукоўкі: 30.03.2020 08:22
29.12.2018 20:15 Грамадства

Новым прэс-сакратаром МУС прызначаная Вольга Чамаданава

Мінск, 29 снежня. Новым начальнікам упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў — прэс-сакратаром Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызначаная Вольга Чамаданава.

Як паведамляецца на сайце МУС, Чамаданава — ураджэнка Мінскага раёна. Замужам, выхоўвае дваіх дзяцей. Службовую дзейнасць у органах унутраных спраў пачынала з пасады ўчастковага інспектара па справах непаўналетніх Бараўлянскага аддзела міліцыі УУС Мінскага райвыканкама. Больш за 12 гадоў узначальвала інспекцыю па справах непаўналетніх УУС Мінскага райвыканкама.

Лаўрэат прэміі прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльнай прэміі Мінскага аблвыканкама "Чалавек года Міншчыны".

Папярэдні прэс-сакратар Георгій Еўчар пакінуў пасаду ў канцы лістапада. На сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" ён напісаў, што "прыняў усвядомленае і добраахвотнае рашэнне скончыць службу ў органах унутраных спраў" у сувязі з поўнай выслугай гадоў.

Былі меркаванні, што Еўчара звольнілі пасля скандалу вакол відэароліка з выбачэннямі падлетка перад статуяй мінскага гарадавога. Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч пазней абверг гэтыя чуткі. "Гэта чарговая дурасць, выдумка, нейкую хімеру запусцілі. Ён пайшоў пасля выслугі гадоў. Чалавек даслужыў, прыняў рашэнне, пайшоў у цывільнае жыццё", — сказаў Шуневіч журналістам.

Ён прызнаў, што сам быў аўтарам ідэі гэтага відэароліка і не лічыць яе "чымсьці дзіўным". Прасіць прабачэння перад сям'ёй падлетка Шуневіч не бачыць неабходнасці. "Хлопец прыняў нармальнае адэкватнае рашэнне. Як непаўналетні ён не нёс адказнасці перад законам, ён нёс маральную адказнасць, закон да яго не прымяняўся. Не блытайце Гогаля з Гегелем", — заявіў міністр.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН