Макей: У беларуска-расійскіх адносінах з`яўляюцца моманты, звязаныя з павярхоўнай штучнай бухгалтэрыяй
Мінск, 29 снежня. Наяўнасць "братэрскіх адносінаў" паміж Беларуссю і Расіяй, "на жаль, не азначае, што паміж сяброўскімі дзяржавамі не могуць узнікаць спрэчкі і рознагалоссі", заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв`ю японскай тэлерадыёкампаніі NHK (стэнаграма апублікаваная 29 снежня на сайце знешнепалітычнага ведамства).
"На наша вялікае шкадаванне, часам у нашых адносінах з`яўляюцца моманты, звязаныя, я б сказаў, з павярхоўнай штучнай бухгалтэрыяй, калі падлічваецца, хто і колькі паклаў на шалі ў той ці іншай сферы супрацоўніцтва і хто каму вінен", — сказаў Макей.
"Але не трэба разглядаць гэтыя рэчы як трагічныя, — заклікаў дыпламат. — Мы знаходзімся ў пастаянным дыялогу, і жыццё паказвае, што мы заўсёды вырашалі гэтыя пытанні ў межах адкрытага, шчырага дыялогу з нашымі расійскімі сябрамі. Мы маем намер працягваць курс на далейшае паглыбленне і развіццё адносін з Расійскай Федэрацыяй".
"Перакананы, што ў любым выпадку мы заўсёды будзем ўзаемавыгадна вырашаць праблемныя пытанні, якія часам узнікаюць. Расія і Беларусь з`яўляюцца адзін для аднаго галоўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі", — падкрэсліў Макей.
Ён выказаў шкадаванне, што Беларусь уцягнутая "ў тую канфрантацыю і санкцыйнае супрацьстаянне, якія існуюць у адносінах паміж Расіяй і Захадам з-за вядомых падзей". "Мы ад гэтага пакутуем. Таму мы, вядома ж, хацелі б пазбегнуць далейшага абвастрэння. Зыходзім з таго, што гэта нявыгадна ні аднаму з бакоў. Мы ў межах магчымага імкнемся зрабіць усё, каб канфрантацыйная рыторыка, санкцыйнае супрацьстаянне было мінімізаванае, ліквідаванае, таму што для нашай дзяржавы, для сітуацыі ў рэгіёне, асабліва ў пытаннях бяспекі, гэта мае вялікае значэнне", — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
"Нашы эканомікі цесна пераплеценыя, узаемадапаўняльныя. <...> Мы лічым, што неабходна сесці за стол перамоў і, як пра гэта сказаў наш прэзідэнт у Санкт-Пецярбургу, адкрыта абмеркаваць усе пытанні зыходзячы з таго, што мы павінны прыйсці, магчыма, часам да кампрамісных, але ўзаемавыгадных рашэнняў", — сказаў Макей.
Пры гэтым ён падкрэсліў: "Беларусь, як любая незалежная дзяржава, імкнецца праводзіць і праводзіць знешнюю палітыку, гандлёва-эканамічную палітыку зыходзячы з абсалютна ўласных нацыянальных інтарэсаў. Мы зыходзім у нашай палітыцы з таго, што неабходнае нашай краіне, што важнае для нашага народа. Зразумела, што мы цесна ўзаемазвязаныя, але, тым не менш, Беларусь як незалежная, суверэнная дзяржава заўсёды імкнулася праводзіць і будзе праводзіць абсалютна незалежную знешнюю палітыку, якая скіраваная на карысць народа".
29 снежня ў Маскве прайшла другая за апошнія пяць дзён сустрэча прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Яе вынікі пакуль невядомыя. Першая сустрэча адбылася 25 снежня. Яе галоўным пытаннем стала кампенсацыя беларускаму бюджэту за падатковы манеўр Расіі ў нафтавай сферы. Бакі дамовіліся стварыць рабочую групу для вырашэння існых праблем. РФ гатовая льгатаваць беларускую эканоміку ў абмен на больш глыбокую інтэграцыю і спасылаецца на дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.