Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/01/986801_589647/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 08:39
01.01.2019 07:02 Грамадства, Эканоміка

У Беларусі павялічаныя мінімальная зарплата, заробкі высокакваліфікаваных будаўнікоў і грашовае забеспячэнне вайскоўцаў тэрміновай службы

Мінск, 1 студзеня. У Беларусі змянілася мінімальная месячная заработная плата. З 1 студзеня гэты паказчык складае 330 рублёў, ці 95% мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ) сям'і з чатырох чалавек.

Папярэдні раз мінімальная зарплата павышалася год таму да 305 рублёў (93,8% МСБ).

У новым годзе зарплаты павысяцца ў высокакваліфікаваных будаўнікоў. Згодна з рашэннем Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, цана чалавека-гадзіны працоўнага IV разраду павышаецца да 7,03 рубля пры выкананні пусканаладачных работ і да 8,15 рубля — пры выкананні будаўніча-мантажных работ. Такім чынам, памер каштарыснай зарплаты працоўнага IV разраду ў цэлым па краіне складзе 1 тыс. 369,2 рубля.

У Мінбудархітэктуры разлічваюць, што гэтая мера дазволіць "забяспечыць дастойную заработную плату высокакваліфікаваным рабочым-будаўнікам", а таксама наблізіць узровень зарплаты беларускіх будаўнікоў да ўзроўню іх калег у суседніх краінах.

Удвая вырасце ў новым годзе штомесячнае грашовае забеспячэнне вайскоўцаў тэрміновай службы. Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, змены тычацца як службовых акладаў, так і грашовага ўзнагароджання за класную кваліфікацыю гэтай катэгорыі вайскоўцаў.

"З 1 студзеня 2019 года памер грашовага забеспячэння ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы складзе ад 29,25 да 62,79 рубля ў месяц у залежнасці ад пасады і класнасці спецыяліста. Павышэнне грашовага забеспячэння тычыцца толькі салдат і сяржантаў, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу", — паведаміла галоўнае фінансава-эканамічнае ўпраўленне Мінабароны.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН