Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/02/987130_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 01:57
02.01.2019 12:14 Эканоміка

"Белнафтахім": Рэалізацыя паліва праз АЗС застаецца стратнай

Мінск, 2 студзеня. Рэалізацыя аўтамабільнага паліва ў Беларусі праз аўтазаправачныя станцыі застаецца стратнай для іх аператараў, заявіў у інтэрв'ю часопісу "Вестник Белнефтехима", апублікаваным у снежаньскім нумары, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Андрэй Рыбакоў.

Паводле яго слоў, аб'ём рэалізацыі маторнага паліва на ўнутраным рынку ў 2018 годзе ў параўнанні з папярэднім годам вырас прыкладна на 7%, у тым ліку праз аўтазаправачныя станцыі на 12,7%. "Разам з тым рэалізацыя паліва праз АЗС застаецца стратнай. Яе адмоўны вынік перакрываецца толькі продажам спадарожных тавараў, які дэманструе ўстойлівую станоўчую дынаміку па ўсіх арганізацыях нафтапрадуктазабеспячэння", — удакладніў Рыбакоў.

Нагадаем, 30 снежня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Рыбакоў заявіў, што ў першы тыдзень студзеня цана бензіну і дызельнага паліва на АЗС краіны можа быць зніжаная зыходзячы з кошту бараля нафты. "Мы застаемся прыхільнікамі планавага і планамернага змянення цэн. Хачу сказаць, што намі ўнесеныя прапановы на студзень па змяненні і — што радуе — па зніжэнні цаны на ўнутраным рынку. Гэта будзе разгледжана, зыходзячы з фактычнага кошту бараля ў першыя дні студзеня, другога-трэцяга, але ўжо можна сказаць, што ў дыяпазоне 52—55 долараў за бараль разглядаецца змяненне, зніжэнне, цэны. Прыкладна на адну капейку на дызель і на дзве капейкі на аўтабензіны".

У 2018 годзе большасць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў (апошні раз 16 снежня), што ў "Белнафтахіме" тлумачылі неабходнасцю "кампенсацыі выдаткаў НПЗ па набыцці вуглевадароднай сыравіны". Паводле інфармацыі канцэрна, за студзень—снежань 2018 года сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 71,1 долара ЗША.

20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка заявіў, што правядзенне ў Расіі падатковага манеўру можа прывесці да падаражання аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5—7%. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што, паводле разлікаў урада, з-за падатковага манеўру можа адбыцца штогадовае падаражанне нафты для Беларусі прыкладна на 21 долар за тону з выхадам на сусветныя цэны да 2024 года.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239