Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/02/987132_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.01.2019 11:54
02.01.2019 12:47 Спорт, Эканоміка

Беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" накіравалася ў Перу для ўдзелу ў ралі-рэйдзе "Дакар"

Мінск, 2 студзеня. Беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" паляцела ў Перу, дзе 6 студзеня стартуе ралі-рэйд "Дакар". Спартыўныя грузавікі ўжо прыплылі на пароме да берагоў Паўднёвай Амерыкі і чакаюць пілотаў у порце Кальяа, паведамілі ў прэс-службе ААТ "МАЗ".

Беларусь на "Дакары" традыцыйна прадставяць тры экіпажы: пілот Сяргей Вязовіч са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Андрэем Жыгуліным, Аляксей Вішнеўскі з Максімам Новікавым і Андрэем Невяровічам, Аляксандр Васілеўскі з Дзмітрыем Віхрэнкам і Антонам Запарошчанкам.

Гоншчыкі атрымаюць аўтамабілі 3 студзеня, пасля чаго пройдуць тэхнічныя праверкі і будуць рыхтавацца да ралі. Акрамя грузавых спарткараў на "Дакары" будуць задзейнічаныя машыны тэхнічнай падтрымкі і аўтадом. Начаваць гоншчыкі будуць на біваках (часовых гарадках для ўдзельнікаў ралі-рэйду), што дазволіць зэканоміць час і знізіць выдаткі, адзначаюць арганізатары.

У ліку сапернікаў беларусаў на цяперашняй гонцы — "КАМАЗ-майстар", Iveco, Tatra, Renault і іншыя.

"Барацьба будзе жорсткай і сур'ёзнай. Большасць гоншчыкаў у класе грузавікоў едуць па прызавыя месцы, а не ўражанні. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" ўваходзіць у лік фаварытаў, і мы, як і летась, нацэленыя на лідзіруючыя пазіцыі. Гоншчыкі і тэхніка гатовыя да любых экстрэмальных умоў, хоць і трэба прызнаць, што ў "Дакары" можа здарыцца што заўгодна, усяго не прадугледзець", — заўважыў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.

Падчас гонкі беларусы будуць не толькі спаборнічаць, але і правяраць у працы канструктарскія ноу-хау, паведамляюць арганізатары. Так, ралі-рэйд стане своеасаблівай пляцоўкай для экстрым-тэсту спартыўных грузавікоў, у якіх шмат серыйных камплектуючых, а тэхнічныя навінкі, якія пройдуць праверку бездарожжам, могуць атрымаць развіццё ў канвеернай вытворчасці.

Марафон "Дакар-2019" стартуе 6 студзеня ў Ліме, а завершыцца там жа праз 11 дзён. Гоншчыкам трэба будзе праехаць каля 5 тысяч кіламетраў. Больш за палову маршруту пралягае праз вялізныя выдмы і іншыя пясчаныя перашкоды. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, на цяперашнім "Дакары" не будзе высакагорных трас.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН