Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/02/987178_987179/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 05:50
02.01.2019 16:16 Грамадства

Лепшым органам дзяржкіравання 2018 года аналітыкі прызналі МЗС, горшым — Міністэрства аховы здароўя

Мінск, 2 студзеня. Навукова-даследчы цэнтр Мізеса аналітычнага цэнтра "Стратэгія" апублікаваў традыцыйныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2018 годзе ў 16 намінацыях.

У намінацыі "Лепшы орган дзяржаўнага кіравання" перамагло Міністэрства замежных спраў. Такая ацэнка дадзена МЗС "за дзейнасць па дыверсіфікацыі знешняй палітыкі; паслядоўную пазіцыю па абароне суверэнітэту; актывізацыю перамоў па ўступленні Беларусі ў СГА; дзеянні па стварэнні пазітыўнага інвестыцыйнага і сацыяльнага іміджу краіны".

Горшым органам дзяржкіравання прызнана Міністэрства аховы здароўя — "за ўклад у стварэнне сістэмнай, усёахопнай карупцыі і злоўжыванняў; пагаршэнне пагроз жыццю і здароўю грамадзян праз рэжым выбару лекаў і вакцын; няздольнасць прапанаваць новую сістэму кіравання аховай здароўя, правілы функцыянавання рынку вытворчасці медыцынскіх паслуг; няздольнасць ліквідаваць канфлікт інтарэсаў у сістэме кіравання аховай здароўя; стварэнне ўмоў для адтоку прафесіяналаў са сферы аховы здароўя".

"Скандалам года" эксперты прызналі "Міністэрства аховы здароўя — гейт" (крымінальны скандал у сістэме аховы здароўя) — "за масавыя затрыманні прадстаўнікоў сістэмы кіравання аховай здароўя, фармацэўтычнага і іншага медыцынскага бізнесу за карупцыю, махлярства і адкатныя схемы".

"Падзеяй 2018 года" прызнана адстаўка кіраўніцтва Савета міністраў, прызначэнне новага прэм'ер-міністра, віцэ-прэм'ераў, а таксама міністраў эканомікі і фінансаў пад рэалізацыю праграмы бягучай пяцігодкі (2016—2020 гады).

"Правалам 2018 года", паводле версіі цэнтра Мізеса, стала "няздольнасць урада Беларусі своечасова і адэкватна падрыхтавацца да падатковага манеўру Расіі".

"Ахвярай года" названы Андрэй Шорац, які страціў пасаду старшыні Мінгарвыканкама.

"Вар'яцкай ідэяй года" аналітыкі палічылі "рэкамендацыі МАРГ па асваенні ў Беларусі тавараў па імпартазамяшчэнні".

"Цытатай года" прызнана выказванне Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з актывам БРСМ з нагоды 100-годдзя ВЛКСМ 29 кастрычніка. "Мы жывем у вельмі складаны перыяд пераходу ад аднаго да другога. Праўда, да гэтага часу не ўсе вызначыліся, ад чаго да чаго мы пераходзім. Таму мы асабліва гучна не заяўляем ў Беларусі пра тое, ад чаго да чаго мы ідзем. Мы проста жывем спакойна і ўдасканальваем тое, што ў нас ёсць. І робім свет лепшым. Мы не выкідваем усё тое добрае, што было ў нашай гісторыі", — сказаў Лукашэнка.

Паводле ацэнкі аналітыкаў цэнтра Мізеса, 2018 год "стаў годам актывізацыі размоў аб праблемах эканомікі, а не прыняцця навукова абгрунтаваных, адэкватных, прафесійных мер па іх вырашэнні".

Ён таксама стаў годам адстаўкі ўрада, прызначэння новых міністраў і кіраўніцтва Саўміна, але — пад выкананне старых задач у рамках праграмы пятай пяцігодкі.

2018 год, адзначаюць эксперты, "не стаў годам дэкрыміналізацыі, перамогі канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці формаў уласнасці, а таксама прынцыпу добрасумленнасці прадпрымальніка". "Праваахоўныя і кантрольныя органы не сталі членамі адзінай каманды ўрада па стварэнні канкурэнтных інстытутаў хуткага, доўгатэрміновага, інклюзіўнага развіцця і росту. У краіне па-ранейшаму дамінуе атмасфера недаверу і падазронасці, — гаворыцца ў паведамленні цэнтра Мізеса. — Спажыўцы не вераць афіцыйнаму паказчыку інфляцыі, лічачы, што ён у тры разы вышэйшы. Працаўнікі не вераць у славутыя, так і не выкананыя ў 2018 годзе "па 500" (маецца на ўвазе памер сярэдняй зарплаты па краіне на ўзроўні 500 долараў ЗША ў эквіваленце. — БелаПАН.). Інвестары не вераць, што ў Беларусі іх чакае гасцінны, спрыяльны інвестыцыйны клімат, надзейная абарона іх правоў уласнасці".

Мінулы год "працягнуў трывожную тэндэнцыю назапашвання даўгоў прадпрыемстваў і краіны". "Эканамічны рост не пайшоў на карысць краіне. Арыентацыя на валавыя паказчыкі заблакавала матывацыю паляпшэння якасці эканамічных і кіраўніцкіх працэсаў. <...> Канфлікт інтарэсаў у органах дзяржаўнага кіравання застаўся, закаснеў і забранзавеў. Наменклатурна-сілавое начальства актывізавала працэсы падрыхтоўкі да вялікага перадзелу ўласнасці", — лічаць аналітыкі цэнтра.

Акрамя таго, адзначаюць яны, 2018 год "не стаў годам паўнавартаснага дыялогу дзяржавы і грамадства, бізнесу і грамадства, бізнесу і дзяржавы", а таксама "канчаткова расставіў кропкі над" i "ў інтэграцыйных праектах "Саюзная дзяржава" і "Еўразійскі эканамічны саюз".

"У іх не было, няма і ніколі не будзе самага галоўнага — свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, грошай і працоўнай сілы. Аб'яднанне камерцыйных інтарэсаў манапалістаў, VIP-распарадчыкаў чужога, алігархаў і злачынных груповак прывяло Беларусь у зону высокіх рызык не толькі для дабрабыту беларусаў , але і суверэнітэту краіны", — рэзюмуюць аналітыкі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН