Польшча спыніла выдачу беларусам шэнгенскіх віз для пакупак
Мінск, 2 студзеня. Польшча 2 студзеня спыніла выдачу беларусам шэнгенскіх віз для пакупак.
У адпаведнасці з удакладненым пералікам прыкладаных дакументаў, адзіным для ўсіх консульскіх устаноў краін — членаў Шэнгенскага пагаднення, пры звароце па візы грамадзяне Беларусі абавязаныя падаць: пацвярджэнне наяўнасці грашовых сродкаў, страхавы поліс, а таксама пацвярджэнне браніравання гасцініцы ў Польшчы на час знаходжання або дагавор арэнды жылога памяшкання ў Польшчы.
Раней для атрымання візы на пакупкі да стандартнага пакета дакументаў неабходна было прыкласці заяву аб намеры рабіць пакупкі ў Польшчы пры першым звароце. Пры наступных зваротах неабходна было прадставіць арыгіналы і копіі бланкаў на вяртанне VAT і Tax Free, што пацвярджала належнае выкарыстанне візы.
Змены, якія пачалі дзейнічаць 2 студзеня, "носяць чыста тэхнічны характар", заявілі раней у польскім пасольстве ў Мінску. "Іх мэта — яшчэ большая адкрытасць на патрэбы грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўязджаюць у Польшчу, а таксама ўязджаюць праз Польшчу ў іншыя краіны — члены Шэнгенскага пагаднення", — падкрэслілі ў дыпмісіі.
"Тэхнічныя змены станоўча паўплываюць на задавальненне высокага попыту на шэнгенскія візы, якія выдаюць консульскія ўстановы Рэспублікі Польшча ў Беларусі", — падкрэсліваецца ў паведамленні польскага пасольства.
Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, якія падаюць дакументы на атрыманне візы, гэтыя змены не прычыняць нязручнасці, заявілі ў пасольстве.