Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/03/987294_987295/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:43
03.01.2019 15:24 Грамадства

Дзяржпагранкамітэт павялічыў колькасць супрацоўнікаў у пунктах пропуску на беларуска-польскай мяжы з-за росту патоку аўтамабіляў

Мінск, 3 студзеня. У сувязі са значным ростам патокаў легкавога транспарту, які перасякае мяжу, Дзяржпагранкамітэтам прыняты дадатковыя меры па павелічэнні прапускной здольнасці ў пунктах пропуску польскага напрамку.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, напярэдадні і падчас вялікіх выхадных, дзяржаўных і рэлігійных свят у Беларусі і ў суседніх краінах колькасць асоб, якія перасякаюць мяжу на легкавых аўтамабілях і аўтобусах, павялічваецца ў некалькі разоў.

Так, на працягу 2 студзеня адзначалася павелічэнне патоку легкавога транспарту, які выязджае ў Польшчу, колькасць якога перавышала прапускную здольнасць пунктаў пропуску. Пры сумарнай сутачнай прапускной здольнасці пунктаў пропуску польскага ўчастка, якая складае амаль 9.100 легкавых аўтамабіляў, было аформлена каля 10.250 машын. У пунктах пропуску "Брэст" і "Дамачава" палову патоку транспарту, што выязджае за мяжу, склалі транспартныя сродкі грамадзян Расіі, якія адправіліся на адпачынак у краіны Еўрасаюза падчас навагодніх вакацый.

Для нармалізацыі сітуацыі і аператыўнага афармлення грамадзян была павялічана колькасць супрацоўнікаў у пагранічных нарадах на найбольш загружаных напрамках.

Паводле прагнозаў спецыялістаў, да завяршэння выхадных у Расіі значны паток транспарту ўжо ў зваротным напрамку будзе адзначацца пасля Раства.

У сувязі з гэтым Дзяржпагранкамітэт нагадвае пра магчымасць адсочвання стану з чэргамі перад пунктамі пропуску ў рэжыме анлайн на сайце ведамства. Акрамя таго, у пунктах пропуску "Брэст", "Катлоўка" і "Грыгораўшчына" функцыянуе сістэма электроннай чаргі, з дапамогай якой можна загадзя забраніраваць час праходжання кантрольных працэдур на мяжы.

Паводле дадзеных сайта Дзяржпагранкамітэта, цяпер у пункце пропуску "Брэст" у чарзе на выезд з Беларусі больш за 150 аўтамабіляў, у пункце пропуску "Каменны Лог" — больш за 100, "Лоша" — больш за 50, "Брузгі" — больш за 40. Па 30 аўтамабіляў чакаюць чаргі ў пунктах пропуску "Бераставіца", "Пясчатка" і "Дамачава", больш за 20 — у "Катлоўцы" і столькі ж у пункце "Беняконі".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН