Нацбанку ўдалося ўтрымаць ЗВР Беларусі на ўзроўні большым за 7 млрд долараў

За снежань 2018 года ЗВР знізіліся на 282,3 млн долараў ЗША (на 3,8%) пасля росту ў лістападзе на 332,3 млн долараў ЗША (на 4,7%). У цэлым па выніках 2018 года зніжэнне рэзерваў склала 157,7 млн долараў (2,2%).
Пры гэтым у снежні 2018 года ўрадам і Нацбанкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 940 млн даляраў, у тым ліку датэрмінова — 470 млн долараў. У цэлым за 2018 год выканана абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля як 5,7 млрд долараў.
Як адзначаюць у Нацбанку, падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у снежні спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, купля замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы. Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама мела павелічэнне кошту манетарнага золата.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб`ём золатавалютных рэзерваў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння ўнутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен быў скласці не менш за 6 млрд долараў ЗША.
У Нацбанку паведамілі, што папаўненне золатавалютных рэзерваў у 2018 годзе ажыццяўлялася ў асноўным за кошт недаўгавых крыніц: паступлення ў бюджэт падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў у замежнай валюце, а таксама куплі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку. Станоўчы ўплыў на ўзровень золатавалютных рэзерваў таксама мелі выпуск Нацбанкам і Мінфінам валютных аблігацый на ўнутраным рынку і паступленне сродкаў ад размяшчэння еўрааблігацый на знешніх фінансавых рынках.
У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год аб`ём золатавалютных рэзерваў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш за 7,1 млрд долараў ЗША.
"У 2019 годзе і бліжэйшыя гады нам трэба будзе вырашаць дзве ўзаемазвязаныя і аднолькава важныя задачы: нарошчвання золатавалютных рэзерваў і зніжэння ўзроўню дзяржаўнага доўгу. Абодва паказчыкі маюць важнейшае значэнне пры ацэнцы знешнеэканамічнай устойлівасці дзяржавы", — заявіў 20 снежня на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.
Паводле яго слоў, урадам і Нацбанкам выпрацаваныя сумесныя падыходы да вырашэння гэтых задач. У прыватнасці штогод плануецца рэфінансаваць 75% сумы асноўнага доўгу па абавязацельствах урада і ўнутраных абавязацельствах Нацыянальнага банка.
За кошт недаўгавых крыніц будзе ажыццяўляцца: пагашэнне астатняй часткі абавязацельстваў урада і Нацбанка ў замежнай валюце; абслугоўванне доўгу ў замежнай валюце (працэнтныя плацяжы); павелічэнне золатавалютных рэзерваў.
Як паведаміў кіраўнік Нацбанка, у 2019 годзе пазыкі будуць ажыццяўляцца на ўнутраным і знешнім рынках. Разглядаюцца пытанні выпуску дзяржаўных аблігацый на расійскім і кітайскім рынках. Нацбанк таксама працягне практыку выпуску аблігацый для ўнутранага рынку. Аднак аб`ём іх выпуску будзе паступова зніжацца.
"Асноўнымі недаўгавымі крыніцамі для нас з`яўляюцца купля замежнай валюты на ўнутраным рынку, паступленні адносна экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Мэтавы параметр па золатавалютных рэзервах на наступны год — 7,1 млрд долараў", — сказаў Калаур.