Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/05/987536_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:36
05.01.2019 13:09 Грамадства

Мітрапаліт Павел: Для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія — гэта асуджэнне на знішчэнне

Мінск, 5 студзеня. У Беларусі сёння імкнення да аўтакефаліі праваслаўнай царквы няма, заявіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі ў інтэрв`ю напярэдадні Раства Хрыстовага.

"Дзякуй Богу, у Беларусі сёння такога імкнення да аўтакефаліі няма. Гучаць часам некаторыя галасы: "А ці не папрасіць і нам у Беларусі?" Але вы ведаеце, цалкам шчыра і адкрыта трэба сказаць: калі для Украіны гэта страшная трагедыя, спроба навязаць аўтакефалію, то калі гэта будзе адбывацца ў Беларусі, то для Беларускай праваслаўнай царквы гэта будзе смерць. Усё. Гэта асуджэнне Беларускай праваслаўнай царквы на знішчэнне. Дзякуй Богу, што сёння епіскапат Беларускай царквы і святары, і практычна ўсе вернікі пра гэта не думаюць", — сказаў мітрапаліт Павел у інтэрв`ю тэлеканалу СТВ.

"Хіба нам дрэнна сёння? Дзякуй Богу, і кіраўнік дзяржавы, і ўрад сёння робяць усё магчымае, каб жылі людзі ў Беларусі ў міры і ў згодзе. Навошта падзел? Каму гэта трэба? Гэта важнае пытанне: каму гэта трэба? Таму, хто хоча падзелу, таму, хто хоча варожасці і нянавісці. Таму будзем спадзявацца, што гэтага ў Беларусі не адбудзецца", — дадаў кіраўнік БПЦ.

Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Мінску прыняў рашэнне цалкам разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Прычынай таму сталі дзеянні Канстанцінопаля, накіраваныя на даванне аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Украіне, якую РПЦ лічыць сваёй кананічнай тэрыторыяй.

Старшыня сінадальнага аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў 15 кастрычніка пасля пасяджэння сінода, што Беларускі экзархат як частка Рускай праваслаўнай царквы далучаецца да рашэння аб спыненні еўхарыстычных зносінаў з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Мітрапаліт падкрэсліў, што прынятае рашэнне "распаўсюджваецца на ўсю кананічную тэрыторыю РПЦ, уключаючы Беларусь".

15 снежня ў Кіеве падчас аб`яднальнага сабора ўкраінскага праваслаўя праваслаўныя архірэі абвясцілі пра аб`яднанне ўкраінскіх цэркваў у адзіную памесную незалежную царкву, афіцыйная назва якой гучыць як Украінская памесная аўтакефальная праваслаўная царква. Яе прадстаяцелем быў абраны мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі 39-гадовы Епіфан (Думенка).

У Аб`яднаўчым саборы, які прайшоў у Сафійскім саборы, узяў удзел 41 архірэй Кіеўскага патрыярхату, 12 — аўтакефальнай царквы, 10 — Маскоўскага патрыярхату, сярод якіх мітрапаліт Сімяон і мітрапаліт Сафроній.

"Віншую ўсіх са стварэннем аўтакефальнай украінскай праваслаўнай царквы, якое толькі што адбылося ў Святой Сафіі, — пракаментаваў вынікі сабора прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, які выступіў на плошчы перад храмам. — Вы — не проста сведкі, вы творцы гісторыі, якая цяпер робіцца".

"Гэта царква без Пуціна, гэта царква без Кірыла, царква без малітвы за расійскую ўладу і расійскія войскі, таму што расійская ўлада і расійскія войскі забіваюць украінцаў. Але гэта царква з Богам", — дадаў Парашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН