Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/06/987463_987464/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:30
06.01.2019 12:00 Эканоміка, Грамадства

Набыло моц новае палажэнне аб працоўным часе і часе адпачынку вадзіцеляў аўтатранспарту

Мінск, 6 студзеня. Набыла моц новая рэдакцыя палажэння аб працоўным часе і часе адпачынку вадзіцеляў аўтамабільнага транспарту, якое было зацверджана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый № 13 19 красавіка 2018 года, паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Палажэннем устаноўлены асаблівасці прававога рэгулявання працоўнага часу і часу адпачынку вадзіцеляў, якія выконваюць ўнутрырэспубліканскія аўтаперавозкі. Выключэнне складаюць аўтаперавозкі кіраўнікоў дзяржаў, кіраўнікоў і членаў парламенцкіх, урадавых і іншых афіцыйных дэлегацый, тэхнічнага персаналу гэтых дэлегацый, а таксама воінскія аўтаперавозкі.

У прыватнасці, згодна з палажэннем, наймальнік мае права па ўзгадненні з прафсаюзам устанаўліваць працягласць падрыхтоўча-заключнага часу зыходзячы са складу работ, што ўключаюцца ў падрыхтоўча-заключны час, а таксама часу правядзення перадрэйсавага медыцынскага абследавання.

Акрамя таго, са згоды вадзіцеля наймальніку дазволена адносіць час перапынкаў паміж часткамі працоўнага дня да часу штодзённага (міжзменнага) адпачынку ў выпадку, калі вадзіцелю ўстаноўлены рэжым працы з падзелам працоўнага дня на часткі.

Таксама наймальнік мае права памяншаць да 12 гадзін працягласць штодзённага (міжзменнага) адпачынку (сумаванага адпачынку) у асобныя перыяды працы для вадзіцеляў, якім устаноўлены сумаваны ўлiк рабочага часу і рэжым працы з падзелам працоўнага дня на часткі. Разам з тым адна з частак штодзённага (міжзменнага) сумаванага адпачынку не можа быць меншай за 10 гадзін, а пры выкананні аўтаперавозак для ўласных патрэб — меншай за 9 гадзін.

Новай рэдакцыяй прававога акта таксама вызначаны выпадкі, калі вадзіцелям не ўстанаўлiваецца ненармаваны працоўны дзень і калі пры вяртанні са службовай камандзіроўкі працоўны час вадзіцеля ўлічваецца па фактычнай працягласці.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН