Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/08/987619_557748/
Дата раздрукоўкі: 23.01.2019 12:08
08.01.2019 10:05 Спорт, Эканоміка

Беларусы ўвайшлі ў першую дзясятку на пачатковым этапе ралі "Дакар-2019"

Мінск, 8 студзеня. Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага ўвайшоў у першую дзясятку на пачатковым этапе ралі-рэйду "Дакар-2019".

Да фінішу дабраліся ўсе тры экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта", паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода. Па шляху з Лімы ў Піска гоншчыкі пераадолелі спецучастак працягласцю 84 км з 47 кантрольнымі пунктамі. Арганізатары падрыхтавалі выпрабаванні пясчанымі трасамі з вялікімі дзюнамі і камяністымі рэчышчамі.

Аляксей Вішнеўскі прыехаў дзявятым, паказаўшы найлепшы час сярод беларусаў. На спецучастку ён выдаткаваў 1 гадзіну 15 хвілін, прайграўшы лідару заезду расіяніну Эдуарду Нікалаеву 6 хвілін.

"Мы праехалі этап без праблем. Дагналі некалькі экіпажаў, у тым ліку Hino, які затрымаўся ў варонцы. Для нашага экіпажа ніякіх цяжкасцяў не ўзнікла. Мы пакуль прывыкаем да рэльефу, бо ён для нас незвычайны — у пясках трэніруемся не так часта", — адзначыў Вішнеўскі.

Лідар мазаўскай каманды Сяргей Вязовіч апынуўся 14-м. Яго час — 1 гадзіна 19 хвілін, а адставанне ад пераможцы — больш за 10 хвілін.

"Этап склаўся для нас не лепшым чынам. Прыкладна на 75-м км былі складаныя кантрольныя пункты, і мы недзе на пяць-шэсць хвілін памыліліся. Ніхто нас не абганяў, але час страцілі. Нічога не зробіш, будзем ехаць далей", — растлумачыў Вязовіч.

"МАЗ" Аляксандра Васілеўскага фінішаваў 17-м. На праходжанне спецучастка яму спатрэбілася прыблізна 1 гадзіны 22 хвілін, амаль на 13 хвілін больш за найлепшы вынік.

Другі этап часткова пройдзе ўздоўж акіяна. Гоншчыкам трэба будзе праехаць 553 км, з іх 342 км — спецучастак.

Марафон "Дакар-2019" праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Даўжыня трасы прыблізна 5 тыс. км.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН