Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/08/987631_102058/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 05:55
08.01.2019 12:48 Эканоміка

Набыў моц указ аб наданні індустрыяльнаму парку "Вялікі камень" статусу тэрытарыяльнай асаблівай эканамічнай зоны

Мінск, 8 студзеня. Указам прэзідэнта ад 22 снежня 2018 года № 490 "Аб мытным рэгуляванні" беларуска-кітайскаму індустрыяльнаму парку "Вялікі камень" нададзены статус тэрытарыяльнай асаблівай эканамічнай зоны. Дакумент увайшоў у сілу 8 студзеня.

Як пракаментавалі ў Міністэрстве эканомікі, "гэты статус забяспечыў рэзідэнтаў індустрыяльнага парку максімальна магчымым у межах Мытнага кодэкса ЕАЭС аб'ёмам мытных пераваг і спрашчэнняў як у галіне лагістыкі, так і ў вытворчай дзейнасці".

Сярод новых мытных спрашчэнняў:

— магчымасць выкарыстоўваць прэферэнцыйны рэжым не толькі рэзідэнтамі індустрыяльнага парку, але і суб'ектамі яго кіравання (сумесная кампанія, адміністрацыя індустрыяльнага парку);

— магчымасць падаваць мытныя дэкларацыі з адтэрміноўкай да двух месяцаў з моманту ўвозу тавараў у асаблівую эканамічную зону, што дазволіць скараціць час для ўключэння тавараў у вытворчую дзейнасць;

— магчымасць непадавання папярэдняй інфармацыі ў дачыненні да тавараў, што перамяшчаюцца цераз мытную мяжу ЕАЭС і ўвозяцца ў тэрытарыяльную асаблівую эканамічную зону;

— магчымасць спажываць замежныя тавары ў аб'ектах грамадскага харчавання, размешчаных у межах індустрыяльнага парку, без іх дэкларавання і выплаты мытных плацяжоў (так званае бытавое спажыванне), што дазволіць скараціць выдаткі рэзідэнтаў на мытную ачыстку тавараў.

Акрамя працэдурных спрашчэнняў для рэзідэнтаў адкрываецца магчымасць кластарнай арганізацыі сваёй працы, калі на тэрыторыі адной абсталяванай зоны мытнага кантролю дапускаецца дзейнасць іншых рэзідэнтаў без стварэння ўнутры яе асобных мытных зон. "Такі падыход да цяперашняга часу не прымяняўся ні ў адной з дзейных у Беларусі свабодных (асаблівых) эканамічных зон", — адзначылі ў міністэрстве.

Акрамя таго, рэзідэнты індустрыяльнага парку змогуць скарыстацца прынцыпам экстэрытарыяльнасці і арганізаваць розныя тэхналагічныя ланцужкі, а таксама ўсталяваць карпаратыўныя сувязі не толькі ўнутры асаблівай эканамічнай зоны, але і за яе межамі. Для гэтых мэтаў Мытным кодэксам ЕАЭС прадугледжаная магчымасць вывазу замежных тавараў, змешчаных пад мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны, з тэрыторыі асаблівай эканамічнай зоны на астатнюю частку тэрыторыі ЕАЭС для ўласных вытворчых і тэхналагічных патрэб, а таксама здзяйснення асобных аперацый па перапрацоўцы тавараў без завяршэння такой працэдуры.

Мінэканомікі падкрэсліла, што артыкулам 455 Мытнага кодэкса ЕАЭС магчымасць стварэння ў дзяржавах — членах ЕАЭС тэрытарыяльных асаблівых эканамічных зон строга абмежаваная: тры такія зоны могуць быць створаныя ў Расіі, дзве — у Беларусі, па адной — у Арменіі, Казахстане, Кыргызстане.

Такім чынам, індустрыяльны парк "Вялікі камень" стаў першай з двух магчымых беларускіх тэрытарыяльных асаблівых эканамічных зон, што ўмацавала яго статус найбольш прывабнага ў параўнанні з іншымі льготнымі рэжымамі вядзення камерцыйнай дзейнасці ў Беларусі і краінах ЕАЭС.

"Цікавасць да індустрыяльнага парку "Вялікі камень" з боку інвестараў з розных краін свету за апошні час імкліва ўзрасла. У 2018 годзе ў індустрыяльным парку колькасць зарэгістраваных рэзідэнтаў парку вырасла практычна ў два разы: з 22 да 41. Чаканы аб'ём інвестыцый па праектах перавысіў 1 млрд долараў ЗША", — адзначылі ў Мінэканомікі.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239