Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/08/987644_874596/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:35
08.01.2019 13:26 Эканоміка

Растлумачаныя ўмовы выкупу бізнесам арандаванай дзяржмаёмасці

Мінск, 8 студзеня. Арандатары могуць разлічваць на выкуп маёмасці ў дзяржавы па рынкавым кошце за мінусам расходаў, зробленых для паляпшэння арандаваных плошчаў. Гэта вынікае з паведамлення, апублікаванага на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці (Дзяржкаммаёмасць). Выкуп вытворчых памяшканняў дазволіць прыватным прадпрыемствам істотна павялічыць выпуск прадукцыі, адзначаюць прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

Варта адзначыць, што ў верасні мінулага года прэм'ер-міністр распарадзіўся стварыць рабочую групу, якая будзе разглядаць выпадкі, калі дзяржарганізацыі і дзяржорганы адмаўляюцца прадаваць прадпрымальнікам арандаваную маёмасць. У кастрычніку першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын прапанаваў актывізаваць працэс продажу будынкаў і памяшканняў, якія прадпрымальнікі доўгі час арандуюць ў дзяржавы. "Я не лічу здачу дзяржаўнай маёмасці на працягу дзясятка гадоў у арэнду эфектыўным варыянтам яе выкарыстання", — сказаў ён, выступаючы на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Камітэт растлумачыў умовы выкупу дзяржмаёмасці ў тых выпадках, калі арандатар інвеставаў сродкі ў паляпшэнне характарыстык арандаваных плошчаў. "Калі арандатар зрабіў за кошт уласных сродкаў ва ўстаноўленым парадку і з пісьмовай згоды арэндадаўца паляпшэнні арандаванай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, што не аддзяляюцца без шкоды для такой маёмасці, пры продажы гэтаму арандатару аб'екта арэнды яго рынкавы кошт пры яго вызначэнні змяншаецца на суму выдаткаў, панесеных гэтым арандатарам на названыя паляпшэнні", — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым для змяншэння рынкавага кошту на суму такіх выдаткаў неабходна зрабіць незалежную ацэнку паляпшэнняў арандаванай маёмасці, адзначае Дзяржкаммаёмасць.

Камітэт таксама нагадвае, што згодна з указам прэзідэнта № 615 ад 13 кастрычніка 2006 года незалежная ацэнка дзяржмаёмасці для ажыццяўлення з ёй здзелак праводзіцца дзяржаўнымі арганізацыямі і арганізацыямі, доля дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе якіх складае больш за 50%. "На падставе выкладзенага, пры выкупе арандаванай больш як тры гады дзяржаўнай маёмасці яе кошт, зменшаны на кошт зробленых неаддзельных паляпшэнняў, вызначаецца названымі вышэй арганізацыямі пры правядзенні ацэнкі рынкавага кошту такой маёмасці ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ацэначнай дзейнасці", — гаворыцца ў паведамленні.

Кіраўнікі беларускіх бізнес-саюзаў неаднаразова заяўлялі пра неабходнасць актывізаваць працэс прыватызацыі маёмасці, якую прыватны бізнес доўгі час арандуе ў дзяржавы.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін лічыць, што "значны патэнцыял хуткага росту вытворчасці прадукцыі існуе ў прыватных вытворчых прадпрыемстваў, якія арандуюць працяглы час памяшканні і маюць ўстойлівыя рынкі збыту прадукцыі".

Разам з тым, на яго думку, далейшыя інвестыцыі ў развіццё гэтых прадпрыемстваў "стрымліваюцца няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, высокай арэнднай платай, якая дасягае 20% і больш у сабекошце прадукцыі". Выкуп ва ўласнасць працяглы час арандаваных вытворчых памяшканняў дазволіць прыватным прадпрыемствам павялічыць выпуск прадукцыі на 30-40%, дадаў Калінін.

На думку дзелавой супольнасці, адна з прычын, якая тармозіць такую прыватызацыю, звязаная з персанальнымі рызыкамі дзяржслужачых. Выступаючы ў кастрычніку на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва, прадстаўнікі бізнес-саюзаў адзначалі, што рэгіянальныя чыноўнікі ў шэрагу выпадкаў баяцца ўзгадняць прыватызацыйныя здзелкі, асцерагаючыся таго, што іх могуць пакараць за гэта.

"Для вырашэння гэтай праблемы ў заканадаўстве трэба дакладна прапісаць механізм вызначэння кошту продажу дзяржмаёмасці на карысць прадпрымальнікаў. Таксама важна стварыць празрысты механізм (конкурс, аўкцыён) здзяйснення прыватызацыйных здзелак", — адзначыла ў каментары БелаПАН дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН