Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/08/987677_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 06:01
08.01.2019 16:16 Эканоміка

"Газпром" запусціў марскі тэрмінал для паставак газу ў Калінінградскую вобласць без транзіту праз Беларусь

Мінск, 8 студзеня. "Газпром" запусціў марскі тэрмінал, які дазваляе пастаўляць газ у Калінінградскую вобласць без транзіту праз Беларусь.

8 студзеня ў Калінінградзе адбыўся ўвод у эксплуатацыю рэгазіфікацыйнага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу. Тэрмінал пабудаваны ў акваторыі Балтыйскага мора і ўяўляе сабой абаронены прычал, да якога швартуецца плывучая рэгазіфікацыйная ўстаноўка. Гэта першы падобны праект у расійскай энергетыцы.

Уладзімір Пуцін, які назіраў за пускам, заявіў, што дастаўка прыроднага газу на падобныя адлегласці трубаправодным транспартам з`яўляецца эканамічна больш мэтазгоднай. "Але для нас, для Калінінградскай вобласці ў прыватнасці, гэта, хутчэй за ўсё, рэзервовыя магутнасці, якія істотным чынам мінімізуюць, а, дакладней сказаць, зводзяць на нішто ўсе транзітныя рызыкі, — цытуе Пуціна сайт Крамля. — Значэнне тэрміналу для энергабяспекі і ўмацавання энергетычнай базы рэгіёна цяжка пераацаніць, у першую чаргу ўлічваючы геаграфічнае становішча Калінінградскай вобласці".

Са свайго боку, старшыня праўлення "Газпрома" Аляксей Мілер паведаміў Пуціну, што сістэма паставак газу праз магістральны газаправод Мінск — Вільнюс — Каўнас — Калінінград цалкам адключаная, і ў дадзены момант газазабеспячэнне Калінінградскай вобласці цалкам ажыццяўляецца праз марскі прыёмны тэрмінал.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе "Газпрома" ў сувязі з пускам тэрмінала, пастаўкі газу ў рэгіён альтэрнатыўным спосабам ажыццяўляліся і раней — марскім транспартам. Калінінградскае падземнае сховішча газу ўведзенае ў эксплуатацыю ў 2013 годзе. На сховішчы дзейнічаюць чатыры рэзервуары з аператыўным рэзервам газу 174 млн кубаметраў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН