Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/08/987702_987703/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 01:01
08.01.2019 18:43 Эканоміка

Міністр энергетыкі Літвы: Транзіт расійскага газу ў Калінінградскую вобласць працягваецца

Мінск, 8 студзеня. Кароткачасовае скарачэнне транзіту расійскага газу па газаправодзе праз Літву ў Калінінградскую вобласць Расіі было неабходна "Газпрому" для выпрабаванняў плывучага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

"Газпром" 8 студзеня запусціў марскі тэрмінал, які дазваляе пастаўляць газ у Калінінградскую вобласць без транзіту праз Беларусь і Літву.

"Калінінград ідзе тым шляхам, якім Літва пайшла чатыры гады таму, выпрабоўвае дакладна такі ж ЗПГ-тэрмінал, як у Клайпедзе. На самай справе дакладна гэтак жа, як і пры выпрабаваннях Літвой ЗПГ-тэрмінала, быў абмежаваны імпарт прыроднага газу з Расіі. У тэхналагічных адносінах гэта неабходна, каб правесці выпрабаванні такога тэрмінала са 100-працэнтнай магутнасцю", — прыводзіць Delfi.lt каментар Вайчунаса агенцтву BNS.

"Калі казаць пра гэтыя заявы ["Газпрома"], то гаворка ідзе менавіта пра маментальнае скарачэнне транзіту, значнае скарачэнне, але яно было зроблена ў мэтах правядзення выпрабаванняў", — дадаў міністр.

Ён запэўніў, што цяпер не назіраецца ніякіх парушэнняў доўгатэрміновага дагавора аб транзіце. "У аператара літоўскай газаперадаючай сістэмы ёсць доўгатэрміновы дагавор аб транзіце ў Калінінград, і ён да 2025 года. Гэта дамова па формуле "транспартуй або плаці", іншымі словамі, тыя аб`ёмы газу, пра якія дамоўлена да 2025 года, ці будуць яны транспартавацца, ці не будуць — за гэтыя аб`ёмы павінна быць заплачана. У фінансавым дачыненні і Літва, і аператар нашай перадаючай сістэмы да 2025 года абаронены, таму што менавіта такі дагавор. А гэта маментальнае скарачэнне натуральнае, тэхнічна неабходнае, кароткачасовыя скарачэнні аб`ёмаў магчымыя", — сказаў Вайчунас.

8 студзеня ў Калінінградзе адбыўся ўвод у эксплуатацыю рэгазіфікацыйнага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу. Тэрмінал пабудаваны ў акваторыі Балтыйскага мора і ўяўляе сабой абаронены прычал, да якога швартуецца плывучая рэгазіфікацыйная ўстаноўка. Гэта першы такі праект у расійскай энергетыцы.

Уладзімір Пуцін, які назіраў за пускам, заявіў, што дастаўка прыроднага газу на такія адлегласці трубаправодным транспартам з`яўляецца эканамічна больш мэтазгоднай. "Але для нас, для Калінінградскай вобласці ў прыватнасці, гэта, хутчэй за ўсё, рэзервовыя магутнасці, якія істотным чынам мінімізуюць, а дакладней сказаць, зводзяць на нішто ўсе транзітныя рызыкі, — цытуе Пуціна сайт Крамля. — Значэнне тэрмінала для энергабяспекі і ўмацавання энергетычнай базы рэгіёну цяжка пераацаніць, у першую чаргу ўлічваючы геаграфічнае становішча Калінінградскай вобласці".

Са свайго боку старшыня праўлення "Газпрома" Аляксей Мілер паведаміў Пуціну, што сістэма паставак газу праз магістральны газаправод Мінск — Вільнюс — Каўнас — Калінінград цалкам адключаная, і ў дадзены момант газазабеспячэнне Калінінградскай вобласці ажыццяўляецца праз марскі прыёмны тэрмінал.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе "Газпрома", у сувязі з пускам тэрмінала пастаўкі газу ў рэгіён альтэрнатыўным спосабам ажыццяўляліся і раней — марскім транспартам. Калінінградскае падземнае сховішча газу ўведзена ў эксплуатацыю ў 2013 годзе. На сховішчы дзейнічаюць чатыры рэзервуары з аператыўным рэзервам газу 174 млн кубаметраў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН