Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/09/987736_587469/
Дата раздрукоўкі: 23.01.2019 12:33
09.01.2019 09:54 Спорт, Эканоміка

"МАЗ" Вязовіча перакуліўся за 200 метраў да фінішу другога этапу ралі "Дакар-2019"

Мінск, 9 студзеня. Тры экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта" прайшлі другі этап ралі-рэйду "Дакар-2019" і занялі месцы з 11-га па 13-е. Вынікі маглі быць лепшыя, але "МАЗ" Сяргея Вязовіча за 200 метраў да фінішу на ўсёй хуткасці перакуліўся ў пясках, паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода. 

На другім этапе, які часткова пралягаў уздоўж акіяна, гоншчыкі праехалі спецучастак даўжынёй 342 км. Траса ўключала пясчаныя і жвіровыя адрэзкі. На ўчастку з дзюнамі і здарылася непрыемнасць з "МАЗам" Вязовіча. Перад фінішам ён вырашыў абагнаць камазаўца Айрата Мардзеева і, вырваўшыся наперад, трапіў у пясчаную пастку. Грузавік на высокай хуткасці падскочыў і лёг на бок, гоншчыкі не пацярпелі. Як прызнаўся потым пілот, "барацьба ўзяла верх над цвярозым розумам". 

Расійскі экіпаж спыніўся даведацца пра здароўе, але дапамагаць адмовіўся. "МАЗ" на колы паставіў наступны беларускі экіпаж — Аляксея Вішнеўскага. 

У выніку "МАЗ" Вязовіча пераадолеў спецучастак за 4 гадзіны 21 хвіліну, апынуўшыся на 11-м месцы паводле вынікаў этапу і на 12-м — у агульным заліку. Пераможцам заезду зноў стаў расіянін Эдуард Нікалаеў, які апярэдзіў беларусаў на 33 хвіліны. 

Вішнеўскі прыехаў 12-м. Яго час — амаль 4 гадзіны 23 хвіліны, а адставанне — 35 хвілін. У агульным заліку экіпаж знаходзіцца на 11-й пазіцыі, розніца ў часе з лідарам гонкі складае 41 хвіліну. 

Аляксандр Васілеўскі на другім этапе фінішаваў 13-м (такая ж пазіцыя і ў абсалютным заліку), выдаткаваўшы на трасе 4 гадзіны 28 хвілін. Гэта на 40 хвілін больш, чым у найлепшага камазаўскага экіпажа. 

Трэці этап прывядзе гоншчыкаў ў Арэкіпу — акружаны вулканамі горад у Перу. Працягласць спецучастка складае 331 км, а ўвесь маршрут разам з ліязонам расцягнуўся на 798 км. Гоншчыкі сутыкнуцца з высокімі дзюнамі, будуць і высахлыя рэчышчы. 

Марафон "Дакар-2019" праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам трэба будзе праехаць прыблізна 5 тыс. км. Больш за палову маршруту пралягае цераз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі і іншымі перашкодамі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН