Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/09/987767_458796/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:32
09.01.2019 12:57 Грамадства

Пракуратура Ваўкавыскага раёна запатрабавала прыняць меры па барацьбе з канадскім сумнікам

Мінск, 9 студзеня. Пракуратура Ваўкавыскага раёна запатрабавала ад мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прыняць меры па барацьбе з канадскім сумнікам. 

Як паведамляе прэс-служба пракуратуры Гродзенскай вобласці, сумнік канадскі — асабліва небяспечная інвазіўная расліна, якая ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў ад 7 снежня 2016 года № 1002 аднесеная да відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягае рэгуляванню. Яго некантраляванае распаўсюджванне можа прывесці аж да поўнага выцяснення з прыродных экасістэм іншых раслін. Пранікненне сумніку ў лес можа пацягнуць страту натуральнай расліннасці і негатыўна адбіцца на харчаванні жывёл, нанесці значны ўрон прыродзе, лясной і сельскай гаспадарцы. 

У пачатку мінулага года пракуратура Ваўкавыскага раёна выявіла на тэрыторыі Гнезнаўскага сельскага савета прысядзібныя ўчасткі, што не выкарыстоўваліся, на якіх сярод іншага пустазелля рос сумнік. "Сельскаму выканкаму тады было даручана неадкладна навесці парадак на зямлі. Аднак гэтую працу не выканалі, што прывяло да актыўнага "асваення" закінутых зямель інвазіўнай раслінай", — адзначаецца ў паведамленні. 

Пры абследаванні мясцовасці пракуроры высветлілі, што сумнік імкліва распаўсюдзіўся па ўсёй тэрыторыі раёна. Значныя ачагі яго росту ўстаноўленыя ў Субачскім, Гнезнаўскім і Падароскім сельсаветах. Занятая раслінай плошча павялічылася з 1,6 да 50 га. 

Асаблівую заклапочанасць выклікала з'яўленне сумніку ва ўрочышчы Касцевічы. Тут зямельныя ўчасткі, якія раней выкарыстоўваліся як садовыя, цалкам пакрытыя гэтай раслінай. Сумнік трапіў на лясныя ўзлескі і паляны. 

На думку пракуратуры, мясцовыя ўлады недаацанілі сітуацыю, не прынялі належных мер па прывядзенні ў належны санітарны стан пустых зямельных участкаў і ўключэнні іх у сельскагаспадарчы альбо лесагаспадарчы абарот. У раёне адсутнічалі пералік участкаў зямель, на якіх расце небяспечная інвазіўная расліна, і план мерапрыемстваў па яе знішчэнні, не выдзяляліся грошы на барацьбу з ёй. 

Пракурор Ваўкавыскага раёна ўнёс прадстаўленне ў Ваўкавыскі райвыканкам, у якім запатрабаваў: ліквідаваць выяўленыя парушэнні заканадаўства ў частцы відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягае рэгуляванню; распрацаваць і зацвердзіць план мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці канадскага сумніку; прадугледзець у раённым бюджэце на 2019 год расходы на барацьбу з інвазіўнай раслінай. 

Выкананне акта нагляду ўзятае на кантроль, падкрэслівае прэс-служба пракуратуры.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН