Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/10/987916_885522/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 02:32
10.01.2019 13:31 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Пра аб`яднанне Беларусі з Расіяй гаворкі няма

Мінск, 10 студзеня. Размовы пра аб`яднанне Беларусі з Расіяй "дурныя і прыцягнутыя за вушы", заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў.

"Занадта шмат сёння (я аналізую сітуацыю ў нашым грамадстве, ды і ў расіян) ідзе размоў пра аб`яднанне дзвюх дзяржаў. Шмат цяпер з`явілася пытанняў, у сувязі з царквой ва Украіне, аб аўтакефаліі нашай царквы ў Беларусі. Я называю гэтыя пытанні вельмі неразумнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гаворкі пра аб`яднанне дзвюх дзяржаў быць не можа. "Мы з прэзідэнтам Расіі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма — пра аб`яднанне", — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расія ў свой час падпісалі дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і развівалі адносіны, "строга захоўваючы палажэнні гэтага дакумента". "Мы павінны былі ў свой час прыняць канстытуцыйны акт, гэта значыць Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы, і там усё павінна было быць прапісанае: і органы кіравання, і органы ўлады, і адзіная валюта, палітыка і гэтак далей. Расія адмовілася ў свой час ісці гэтым шляхам, — заўважыў Лукашэнка. — Я гэта нагадаў прэзідэнту Расіі, ён сказаў: "Так, гэтак і было". Паўстае пытанне: што будзем рабіць з саюзным дагаворам? Трэба садзіцца за стол і глядзець, што мы разам можам сёння згодна з дагаворам вырашыць, на што мы разам можам без усякага націску пайсці".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, саюз Беларусі і Расіі можа развівацца толькі на раўнапраўнай аснове. "І гэта не таму, што Лукашэнка так хоча, як гэта падаецца ў Расіі. А таму, што гэта фундаментальныя прынцыпы пабудовы любога саюза. Няма раўнапраўнай асновы — няма саюза. Усё павінна адбывацца на раўнапраўнай аснове, і на гэта павінна быць воля двух народаў — Расійскай Федэрацыі і Беларусі", — падкрэсліў ён.

"Мы ўвесь час, фармуючы гэты саюз, павінны глядзець на меркаванне нашых людзей. Таму з-за многіх-многіх прычын, вы самі разумееце, аб аб`яднанні дзвюх дзяржаў гаворкі не ідзе", — дадаў Лукашэнка.

На гэты крок, на яго думку, не можа пайсці і сама Расія, што яму пацвердзіў Уладзімір Пуцін. "Няма такой магчымасці ў Расіі, улічваючы наступствы ўсяго, на гэта пайсці. Таму трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што хтосьці кагосьці нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць", — падсумаваў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што "год будзе нялёгкі". "Шмат пра гэта гаворыцца, і пра тое, што гэта перадвыбарны год, — гэта сапраўды так. У нас дастаткова пытанняў, якія трэба вырашаць лепш, чым яны вырашаюцца ў цяперашні час. Мы ўмеем вырашаць гэтыя пытанні", — сказаў Лукашэнка.

Трэба будзе абмеркаваць і пытанні, звязаныя з развіццём беларуска-расійскіх адносін, узаемадзеяннем краін у фармаце ЕАЭС і АДКБ, адзначыў Лукашэнка. "Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы мае намер надаць вынікам перамоў з прэзідэнтам Расіі, якія адбыліся ў канцы снежня мінулага года", — паведамляе прэс-служба.

"Усё гэта падлягае абмеркаванню, каб не было ніякіх недамовак і, галоўнае, каб у вас не заставалася нейкіх сумневаў з нагоды вырашэння адчувальных пытанняў для нашай краіны", — дадаў Лукашэнка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН