Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/10/987930_445566/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 02:42
10.01.2019 13:57 Грамадства, Эканоміка

Першы нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці пройдзе ў Мінску 24 студзеня

Мінск, 10 студзеня. Першы нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці пройдзе ў Мінску 24 студзеня. Падрыхтоўку да яго, паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, абмеркавалі 10 студзеня намеснік старшыні верхняй палаты парламента Мар`яна Шчоткіна і пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Яанна Казана-Вішнявецкі. 

Прадстаўнік ААН адзначыла высокі ўзровень працы, што праводзіцца ў Беларусі па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця, і важнасць форуму для далейшага развіцця гэтай дзейнасці. Казана-Вішнявецкі таксама праінфармавала, што свой удзел у форуме пацвердзіла дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па краінах Еўропы і СНД Мірыане Эгер. Яе візіт у Беларусь стане першым краінавым візітам на гэтай пасадзе. 

У форуме возьмуць удзел прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў (замежных спраў, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, энергетыкі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя), Белстата, Нацыянальнай акадэміі навук, Парку высокіх тэхналогій, прамысловых прадпрыемстваў, ВНУ, а таксама грамадскіх арганізацый і аб`яднанняў. Акрамя таго, удзельнікамі мерапрыемства стануць прадстаўнікі агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты. Усяго форум збярэ прыблізна 400 чалавек, удакладнілі ў прэс-службе. 

Панэльныя дыскусіі пройдуць па некалькіх тэматычных напрамках: устойлівы эканамічны рост як умова забеспячэння высокага ўзроўню жыцця беларускага народа; арганізацыя экалагічнай бяспекі, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў; паляпшэнне якасці жыцця праз здароўе, запатрабаваную адукацыю, добрую працу.

Удзельнікі абмяркуюць магчымасці больш эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу ўзаемадзеяння грамадства, бізнесу і ўлады для ўстойлівага развіцця, ролю прадпрымальніцтва ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў. Размова пойдзе аб барацьбе са зменай клімату, рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў, эфектыўнай занятасці, пашырэнні правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гендарнай роўнасці. 

"Асаблівая ўвага будзе нададзеная пытанням цыфравізацыі як драйвера эканамічнага росту. Асобна абмяркуюць трансфармацыю энергетычнай сістэмы ў мэтах ўстойлівага развіцця", — паведаміла прэс-служба Савета Рэспублікі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239