Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/10/987938_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.06.2019 00:49
10.01.2019 14:25 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка: Страты ад падатковага манеўру ў Беларусі сёлета складуць смешную суму — 400 млн долараў

Мінск, 10 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе аб "сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў" даручыў ураду кампенсаваць страты бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расіі.

Закранаючы эканамічнае супрацоўніцтва з РФ, Лукашэнка заявіў, што "практычна ўсе праблемы ў адносінах паміж краінамі вырашаныя ў больш ці менш прымальным варыянце". "Ёсць невялікія пытанні, пра якія мы расіянам заўсёды казалі: гэта пастаўкі нашай сельскагаспадарчай, харчовай і іншай прадукцыі на рынкі Расійскай Федэрацыі. Але яны не носяць крытычнага характару. Мы з прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што гэтыя ганебныя пытанні трэба здымаць, каб яны больш ніколі не стаялі на парадку дня нашых перамоў на вышэйшым узроўні", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, пэўныя праблемы застаюцца і ў сферы аўтаперавозак. "Шмат крыку, гвалту з нагоды палітыкі гэтых дзяржаў у дачыненні да Расіі, шмат размоў аб Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС, а элементарныя пытанні не вырашаюцца. Мы з прэзідэнтам Расіі абазвалі іх выключна як пытанні, нявартыя абмеркавання прэзідэнтаў, ганебныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Іх, вядома, трэба вырашаць, і вырашыць іх можна элементарна", — лічыць афіцыйны лідар.

Лукашэнка паведаміў, што абмяркоўваў з Пуціным падчас перамоваў у канцы снежня і пытанні кампенсацыі беларускаму боку ў сувязі з падатковым манеўрам ў Расіі ў нафтавай сферы.

"Ніякага непрымання па пытанні кампенсацыі не было. Не было, што Расія кажа: "Не, мы не будзем кампенсаваць ваша пагаршэнне сітуацыі, вашы страты". Больш за тое, прэзідэнт Расіі прапанаваў і ў новым годзе працягнуць перамовы па гэтым пытанні і выпрацаваць прымальнае рашэнне — і сам-насам, і ў складах працоўных груп", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне трэба было ўрэгуляваць да 1 студзеня, але "ніякай катастрофы з-за таго, што яно пакуль не вырашанае, на сённяшні дзень няма". "Страты ад падатковага манеўру ў Беларусі сёлета складуць смешную суму: пры 70 доларах за бараль гэта будзе каля 400 млн долараў. Гэта не катастрофа. Але мы на гэта пайсці не можам, таму што з 2015 года, калі быў уведзены гэты падатковы манеўр, мы ўжо страцілі 3,6 млрд долараў. Да заканчэння гэтага падатковага манеўру, да 2025 года, мы страцім 10,6 млрд долараў", — заявіў Лукашэнка.

"Мы несці страты да ўзроўню мінулага года не можам. Таму ўсе страты павінны быць кампенсаваныя па тых ці іншых кірунках супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Я гэта і прэзідэнту Расіі сказаў, як бы гэта ні было балюча і сумна, і паўтараю гэта публічна, і даводжу да вашага ведама як даручэнне прэзідэнта Беларусі. Вы яго павінны выканаць бездакорна і з дакладнасцю. Мы нічога не можам страціць", — сказаў афіцыйны лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што дзеянні расійскага боку "супярэчаць духу і літары ўсіх дамоўленасцяў, у тым ліку ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза".

"У Расіі сёй-той кажа: "У нас няма абавязацельстваў па кампенсацыі. Нідзе гэта ў саюзных дамовах не прапісана". На што я задаю прамое пытанне: "Дык што, мы, падпісваючы гэтыя дагаворы (аб Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС), разлічвалі на пастаяннае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў сувязі з нейкімі ўнутранымі дзеяннямі Расійскай Федэрацыі?" Не. Мы разлічвалі на лепшае", — удакладніў Лукашэнка.

Ён дадаў, што "ў тыя гады і гаворкі не ішло аб падатковых манеўрах". Раней, паводле яго слоў, ужо праводзіліся перамовы па кампенсацыі страт беларускаму боку, і на іх былі выпрацаваныя адпаведныя механізмы і вызначаныя крыніцы.

Лукашэнка падкрэсліў, што "прадстаўнікі Расіі публічна заявілі пра рашэнне гэтага пытання ў станоўчым для Беларусі ключы". Аднак неўзабаве, паводле яго слоў, расійскі бок рэзка спыніў перамовы, не адмаўляючыся ад кампенсацыі, але адначасова заяўляючы аб неабходнасці паглыблення інтэграцыйных працэсаў.

"На пытанне, а якія гэта інтэграцыйныя працэсы, адказу у расіян пакуль няма. Калі я прасіў назваць, што Расійская Федэрацыя сёння ў плане інтэграцыі хоча ад Беларусі, адказу прамога не было. І мы па прапанове Расійскай Федэрацыі пагадзіліся, што гэтыя пытанні трэба вызначыць і паспрабаваць вырашыць у рабоце сумесных груп", — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў канца 2018 года такія рабочыя групы былі створаныя. "Я абсалютна падтрымліваю прапановы, што там павінны быць службовыя асобы найвышэйшага ўзроўню, не толькі спецыялісты. Мы павінны весці перамовы па комплексе пытанняў, якія пазначаныя ў саюзным дагаворы. На першае месца (гэта была прапанова прэзідэнта Расіі) мы павінны паставіць пытанні, якія павінны вырашацца ў першачарговым парадку: эканамічныя і фінансавыя", — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заявіў, што "па ўсіх пытаннях ужо даўно прынятыя рашэнні, проста расійскі ўрад пра гэта забыўся", інфармуючы Пуціна.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН