Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/10/eu_987945_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 00:50
10.01.2019 15:05 Эканоміка, Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: Беларусі неабходна пачаць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты праз прыбалтыйскія парты

Мінск, 10 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе аб "сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў" даручыў ураду прапрацаваць пытанне аб альтэрнатыўных варыянтах пастаўкі нафты ў Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сёлета плануецца скончыць мадэрнізацыю двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, пасля чаго Беларусь зможа купляць нафту для наступнай перапрацоўкі не толькі ў Расіі.

"Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе вырашыць: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты. Калі літоўцы не згодны — з латышамі дамовіцца і закупляць гэтую нафту. Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць Балтыйскія рэспублікі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, для краін Балтыі гэта будзе танней, чым цяпер, калі яны купляюць нафтапрадукты па сусветных цэнах. "Можна дамовіцца так, што гэта будзе наша агульная нафта, якую мы перапрацуем на мадэрнізаваным Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Тым больш у нас нават ёсць некаторыя магчымасці ў гэтым плане", — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў "не гіпербалізаваць праблемы, звязаныя са стратамі беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расіі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампенсуюць гэтыя негатыўныя моманты". "Але хачу папярэдзіць: пра такія рашэнні, як перакладанне гэтых праблем на плечы нашых людзей, беларусаў, нават не думайце. Насельніцтва не павінна адчуць ніякага дадатковага цяжару. Прынамсі ў гэтым, наступным годзе наогул няма ніякіх праблем, нават калі б мы нічога не кампенсавалі", — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, зарабіць дадатковыя 400 млн долараў (у столькі ацэньваюцца гадавыя страты з-за падатковага манеўру РФ. — БелаПАН.) для Беларусі не праблема: "Па парытэце пакупной здольнасці, як цяпер прынята лічыць, ВУП Беларусі — пад 80 млрд долараў. Што тут за праблема? Няма такой". "Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі абярэ кіраўніцтва Расіі такі шлях руху і страту адзінага саюзніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам", — заявіў Лукашэнка.

Раней Беларусь арганізоўвала разавыя пастаўкі нафты з Азербайджана, Венесуэлы і Ірана.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН