Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/11/988049_125463/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 02:01
11.01.2019 09:10 Эканоміка, Фінансы

Паступленні ў бюджэт ад пошлін на нафтапрадукты знізяцца на траціну

Мінск, 11 студзеня. У 2019 годзе даходы бюджэту Беларусі ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты могуць знізіцца на траціну ў параўнанні з 2018 годам. Паводле звестак БелаПАН, такую ацэнку заклала Міністэрства фінансаў у бюджэт на гэты год.

Варта заўважыць, што вывазныя мытныя пошліны фармуюць амаль 60% падатковых даходаў бюджэту ад знешнеэканамічнай дзейнасці, якія цалкам залічваюцца ў рэспубліканскі бюджэт. Пры гэтым ўнёсак падатковых даходаў ад ЗЭД у сукупныя паступленні рэспубліканскага бюджэту складае прыблізна 20%.

Чакаецца, што у 2019 годзе ў сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці скароцяцца на 13,4% (у параўнанні з 2018-м) да 4,36 млрд рублёў.

Прычына адмоўнай дынамікі — змяншэнне вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты, якія залічваюцца ў бюджэт.

Паводле ацэнак уладаў, паступленні ў бюджэт ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць у 2019 годзе 1,39 млрд рублёў (на 31,3% менш у параўнанні з чаканым узроўнем 2018 года). Акрамя гэтага, вывазныя мытныя пошліны на нафту, якую Беларусь на сваёй тэрыторыі здабывае і экспартуе, прынясуць у бюджэт у 2019 годзе 316,5 млн рублёў (на 22,1% менш у параўнанні з 2018-м).

Паводле інфармацыі БелаПАН, Мінфін падлічыў, што адмоўная дынаміка паступленняў па гэтых артыкулах звязаная ў асноўным з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі. Згодна з ацэнкай уладаў, страты бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты (з-за падатковага манеўру) складуць у 2019 годзе 513,1 млн рублёў.

Акрамя гэтага, для частковай кампенсацыі нафтаперапрацоўчым заводам росту цаны на нафту ва ўмовах рэалізацыі падатковага манеўру ў бюджэце на 2019 год зніжаныя на 25% акцызы на аўтамабільнае паліва. Страты даходнай часткі бюджэту з-за гэтага ацэньваюцца ў 170,7 млн рублёў.

Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе па эканамічных пытаннях даручыў ураду "не гіпербалізаваць праблемы, звязаныя са стратамі беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расіі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампенсуюць гэтыя негатыўныя моманты".

На думку экспертаў, у тым выпадку, калі Беларусі давядзецца шукаць унутраныя крыніцы для кампенсацыі страт у сувязі з падатковым манеўрам, можа паўстаць пытанне аб скарачэнні падатковых ільгот альбо павышэнні ставак падаткаў.

"У сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру, магчыма, давядзецца зразаць расходы. У доўгатэрміновай перспектыве, калі мы не атрымаем кампенсацыю з боку Расіі і істотна не скароцім падатковыя льготы, магчыма, спатрэбіцца павышаць падаткі для захавання збалансаванасці бюджэту", — мяркуе акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Акрамя гэтага, эксперты чакаюць, што з-за ўплыву падатковага манеўру можа быць скарочаная падтрымка дзяржпрадпрыемствам.

"Калі Беларусі давядзецца вырашаць бюджэтныя праблемы самастойна, і кампенсацыі з боку Расіі за падатковы манеўр у поўным аб'ёме не будзе, то наўрад ці дзяржава будзе рэзаць сацыяльную сферу. Расходы на ахову здароўя і адукацыю ў нас і так невялікія. Можна і трэба казаць аб скарачэнні бюджэтных расходаў за кошт змяншэння дзяржпадтрымкі для рэальнага сектара", — мяркуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Як паведамлялася, сукупныя страты з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі беларускія ўлады ў 2019—2024 гадах ацэньваюць ў 10,5 млрд долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН