Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/11/988058_874596/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 17:10
11.01.2019 09:40 Палітыка

СМІ: Улады Беларусі знялі абмежаванне на колькасць дыпламатаў з ЗША

Мінск, 11 студзеня. Афіцыйны Мінск адмяніў абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША, якім дазволена працаваць у Беларусі. Пра гэта паведамляе амерыканскае выданне Foreign Policy ў матэрыяле "Дыпламатычны прарыў для Вашынгтона ў апошняй дыктатуры Еўропы".

Паводле звестак крыніц Foreign Policy ў дыпламатычных колах ЗША, аб прынятым рашэнні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў у чацвер, 10 студзеня, у тэлефоннай размове памочніку дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэсу Мітчэлу.

У 2008 годзе паміж Мінскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Беларусь паводле патрабавання беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску былі высланыя з краіны.

Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах ўзначальваюць павераныя ў справах.

У канцы лістапада павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН, што ў Вашынгтона і Мінска ёсць палітычная воля вярнуць паслоў. "І зараз тэхнічныя дэталі крыху тармозяць працэс. З-за іх усё гэта ідзе больш марудна", — сказала яна.

Мур растлумачыла, што тэхнічныя моманты звязаныя з пытаннем аднаўлення паўнавартаснага штату пасольства, каб была магчымасць належным чынам забяспечыць працу пасла.

"Дзесяць гадоў пасольства працавала ва ўрэзаным складзе, — адзначыла Мур. — І нам патрабуецца час, каб дасягнуць таго моманту, калі зможа з'явіцца пасол. Як гаворыцца, д'ябал хаваецца ў дэталях. Так што гэта тэхнічны момант — аднаўленне паўнавартаснага штату супрацоўнікаў, іх уладкаванне і гарантыі таго, што мы здолеем адпавядаць усім патрабаванням для прыезду і падтрымкі працы пасла".

На пытанне, колькі часу можа пайсці на вырашэнне гэтых тэхнічных дэталяў, Мур адказала: "Я аптыміст. Калі добра выканаю сваю працу, то магу стаць апошнім павераным у справах. У гэтым выпадку мой пераемнік прыедзе ужо ў рангу пасла".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН