Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/11/988068_589647/
Дата раздрукоўкі: 21.06.2019 01:01
11.01.2019 10:34 Спорт, Эканоміка

"МАЗ" Вязовіча прыйшоў чацвёртым на чарговым этапе ралі-рэйду "Дакар-2019"

Мінск, 11 студзеня. Экіпаж беларуса Сяргея Вязовіча на грузавіку "МАЗ" пасля чаргі непрыемнасцяў вырваўся наперад на ралі-рэйдзе "Дакар-2019" — абагнаў дзясятак супернікаў і завяршыў этап на чацвёртым месцы. Іншыя беларускія экіпажы таксама скончылі чацвёрты ралі-заезд у Перу адносна добра, паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода.

У чацвёрты дзень падчас марафонскага этапу гоншчыкі пераадолелі 405 км, зноў сутыкнуліся з пяскамі і дзюнамі. Вязовіч, які стартаваў 20-м, здолеў апярэдзіць практычна ўсе экіпажы перад ім. Як прызнаўся сам пілот, такой колькасці абгонаў ён не ўзгадае за ўсе сем гадоў удзелу ў "Дакары".

У выніку экіпаж паказаў чацвёрты час — 4 гадзіны 23 хвіліны. Пераможцам этапу зноў стаў Андрэй Каргінаў з каманды КАМАЗа, які быў хутчэйшым на 13 хвілін. У агульным заліку экіпаж Вязовіча размясціўся на 17-м месцы і прайграе лідару гонкі Эдуарду Мікалаеву 5 гадзін 30 хвілін.

Беларус Аляксандр Васілеўскі заняў на этапе 12-е месца, праехаўшы маршрут за 4 гадзіны 46 хвілін і адстаўшы на 36 хвілін. У генеральнай класіфікацыі экіпаж знаходзіцца на 11-м радку з 2 гадзінамі 55 хвілінамі "страчанага" часу.

Яшчэ адзін прадстаўнік каманды МАЗа Аляксей Вішнеўскі з-за тэхнічных складанасцяў фінішаваў 14-м. Яго час — 5 гадзін 4 хвіліны, адставанне — 54 хвіліны. У абсалютным заліку беларускія гоншчыкі ўтрымліваюцца ў першай дзясятцы, прайграючы лідару ралі 2 гадзіны 42 хвіліны.

Другі марафонскі этап прывядзе гоншчыкаў назад на бівак у Арэкіпу. Але спачатку ім трэба будзе пераадолець 517 км хуткасных участкаў па пясках з дзюнамі і ўздоўж берага акіяна.

Марафон "Дакар-2019" праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд займае 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкі праедуць прыкладна 5 тыс. км. Больш за палову маршруту пралягае цераз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі і іншымі перашкодамі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН