Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988298_988299/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 06:49
14.01.2019 09:40 Эканоміка, Фінансы

Эксперты прагназуюць далейшае зніжэнне чыстага продажу валюты

Мінск, 14 студзеня. У гэтым годзе скарачэнне чыстага продажу замежнай валюты насельніцтвам можа працягнуцца. Такое меркаванне выказалі БелаПАН фінансавыя аналітыкі, каментуючы статыстычныя дадзеныя аб аб'ёмах куплі-продажу замежнай валюты ў 2018 годзе.

На мінулым тыдні Нацбанк паведаміў, што ў 2018 годзе насельніцтва на чыстай аснове прадало (у наяўнай і безнаяўнай форме) замежнай валюты на 1,11 млрд долараў. У параўнанні з 2017 годам фізасобы скарацілі чысты продаж замежнай валюты амаль на 37%.

"Зніжэнне чыстага продажу замежнай валюты звязана з тым, што скараціліся валютныя запасы ў насельніцтва. Мы бачылі, што фізічныя асобы даўно актыўна выходзілі на рынак, на чыстай аснове прадалі мільярды долараў, і, відавочна, так бясконца працягвацца не можа", — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык Forex Сlub Валерый Палхоўскі.

На думку экспертаў, скарачэнню чыстай прапановы замежнай валюты спрыяе таксама сітуацыя на рынку спажывецкага крэдытавання.

"Працэнтныя стаўкі ў 2018 годзе знізіліся да гістарычнага мінімуму, і спажыўкрэдытаванне на гэтым фоне моцна вырасла", — адзначыў дырэктар па развіцці кампаніі "ФТМ Брокерс" Аляксандр Сабодзін.

Адпаведна, працягнуў ён, вялікай матывацыі прадаваць валюту, каб рабіць пакупкі, у насельніцтва не было. "І ў 2019 годзе, калі на валютным рынку захаваецца адносная стабільнасць, чысты продаж валюты будзе яшчэ меншы, чым у мінулым годзе", — мяркуе Сабодзін.

Фінансавыя аналітыкі прагназуюць, што сітуацыя на ўнутраным валютным рынку ў 2019 годзе будзе залежаць ад знешніх фактараў.

"Паводзіны беларусаў на валютным рынку ў 2019 годзе будуць працягваць залежаць ад знешніх фактараў — уплыву заходніх санкцый і сусветных цэн на нафту на Расію. Пакуль па гэтых пытаннях захоўваецца высокая нявызначанасць: на нафтавым рынку цэны моцна вагаюцца і характар магчымых антырасійскіх санкцый пакуль таксама няясны", — канстатуе Аляксандр Сабодзін.

На думку назіральнікаў, на валютны рынак таксама будзе аказваць уплыў зыход беларуска-расійскіх перамоў па падатковым манеўры, з-за якога валютныя страты Беларусі ў 2019—2024 гадах могуць скласці 10,5 млрд долараў.

"Зыход беларуска-расійскіх перамоў па энергетычных пытаннях будзе мець важнае значэнне для краіны. Паступяць па гэтай тэме добрыя навіны — насельніцтва будзе паводзіць сябе спакойна на валютным рынку, а ў адваротным выпадку ў грамадстве можа вырасці ўзровень трывожнасці", — выказаў меркаванне Валерый Палхоўскі.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН