Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988337_988338/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:16
14.01.2019 13:51 Эканоміка, Фінансы

У Беларусі праведзеная нацыянальная ацэнка рызыкі легалізацыі злачынных даходаў

Мінск, 14 студзеня. Высокая ступень пагрозы легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у Беларусі прысвоена падатковым і карупцыйным злачынствам, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ілжэпрадпрымальніцтву, злачынствам, звязаным з наркотыкамі, а таксама з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Такія вынікі праведзенай у мінулым годзе ў Беларусі нацыянальнай ацэнкі рызыкі легалізацыі атрыманых злачынным шляхам даходаў і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.

Дзейнасць па правядзенні ацэнкі каардынавала міжведамасная камісія пры Савеце міністраў, у склад якой увайшлі прадстаўнікі 15 дзяржаўных органаў. Як паведаміла прэс-служба Камітэта дзяржкантролю, ацэнка ажыццёўлена ў адпаведнасці з метадалогіяй, распрацаванай на падставе дакументаў ФАТФ (Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай), Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і АБСЕ.

Вызначаны рызыкі ў крэдытна-фінансавай сферы і для сектара арганізацый і асоб устаноўленых нефінансавых прафесій.

"У Рэспубліцы Беларусь колькасць зарэгістраваных злачынстваў у аналізаваным перыядзе дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю да скарачэння. Такая дынаміка перш за ўсё звязана са значным змяншэннем колькасці злачынстваў, якія традыцыйна істотным чынам уплываюць на колькасны аб'ём злачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку крадзяжоў, рабаванняў, фактаў незаконнага абароту наркотыкаў. Разам з тым па асобных відах карыслівых злачынстваў назіраецца рост: злачынствах карупцыйнай накіраванасці, злачынствах, звязаных з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, вымагальніцтвам", — адзначаецца ў рэзюмэ па выніках нацыянальнай ацэнкі рызыкі.

У 2017 годзе найбольшы матэрыяльны ўрон нанесены наступнымі злачынствамі: ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў — 89 млн рублёў, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі — 56,1 млн, махлярства — 29,7 млн, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў — 20,2 млн рублёў.

Рызыка фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці ацэнена ў Беларусі як нізкая.

Таксама вызначаны меры па зніжэнні (абмежаванні) выяўленай рызыкі, накіраваныя на ўдасканаленне інстытуцыйнага асяроддзя, нарматыўна-прававога рэгулявання, вывучэнне міжнароднага вопыту, умацаванне кадравага і тэхнічнага патэнцыялу, адзначылі ў КДК.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН