Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988346_988347/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:35
14.01.2019 14:00 Эканоміка

Румас распарадзіўся падрыхтаваць дарожную карту структурных рэформаў

Мінск, 14 студзеня. Ва ўрадзе створана міжведамасная рабочая група па арганізацыі сумеснай працы з Сусветным банкам для падрыхтоўкі "Дарожнай карты структурных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь". Пра гэта сказана ў распараджэнні прэм'ер-міністра Сяргея Румаса ад 11 студзеня № 8р, якое апублікавана на сайце Саўміна.

Кіраўніком рабочай групы прызначаны намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч. У яе склад увайшлі намеснікі міністра фінансаў, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, працы і сацыяльнай абароны, старшыні праўлення Нацбанка і Дзяржкаммаёмасці.

Групе даручана праводзіць пасяджэнні па меры неабходнасці, дазволена прыцягваць да працы кіраўнікоў іншых дзяржорганаў і арганізацый.

Па выніках сумеснай працы з Сусветным банкам дарожная карта будзе ўнесена ва ўстаноўленым парадку ў Савет міністраў.

Падрыхтоўка дакумента прадугледжана прынятай у красавіку 2018 года новай стратэгіяй Сусветнага банка па Беларусі, якая будзе дзейнічаць да 2022 года. У дакуменце гаворыцца, што Сусветны банк мае намер аказваць кансультацыйную дапамогу ў вырашэнні структурных праблем. На думку банка, такога роду дапамога (напрыклад, па пытаннях інвестыцыйнага клімату, рэструктурызацыі банкаў, дзяржаўных прадпрыемстваў, стварэння сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва) дапаможа "знайсці варыянты для больш маштабных будучых зменаў". Банк гатовы падтрымаць такія змены шляхам выдзялення Беларусі пазыкі на мэты развіцця.

Раней паведамлялася, што да канца 2022 года на рэалізацыю праектаў у Беларусі СБ плануе накіраваць больш за 500 млн долараў.

За ўвесь перыяд супрацоўніцтва (1992—2017) Сусветны банк інвеставаў каля 1,7 млрд долараў ЗША ў шэраг значных інфраструктурных і сацыяльных праектаў у краіне.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН