Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988356_574896/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2019 12:29
14.01.2019 14:00 Палітыка

Лукашэнка пра канфлікт ва Украіне: Гэтае непаразуменне трэба заканчваць

Мінск, 14 студзеня. Беларусь пацвярджае сваю пазіцыю аб неабходнасці найхутчэйшага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з украінскім палітычным і дзяржаўным дзеячам Віктарам Медведчуком 14 студзеня ў Мінску.

"Гэтае непаразуменне (інакш не назавеш) трэба заканчваць. Брацкія рэспублікі, народы... Робім нашым ворагам і супернікаў падарунак сваімі рукамі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму важна пачуць пазіцыю Медведчука па многіх пытаннях. "Для мяне гэта важна не толькі таму, што я асабіста перажываю за тое, што там адбываецца, але і таму, што гэта наша родная Украіна. Я і служыў, шмат разоў бываў там, ды і не хаваю, што мае старажытныя карані сягаюць некуды туды, паміж Чарнігавам і Кіевам. Яшчэ асновай усяму з'яўляюцца і нашы адносіны з Украінай. І ў пачатку гэтага канфлікту, згодна з нашымі звесткамі (а мы дакладна вялі ўлік), да 150 тысяч чалавек лінуў паток з Украіны. І мы далі ім роўныя ўмовы і правы з нашымі беларусамі, хоць тады было няпроста. Але, дзякуй богу, усё абышлося. Нехта назад вярнуўся, нехта ездзіць туды-сюды, а нехта ўладкаваўся, жыве і працуе тут, як нашы блізкія, родныя людзі. Ёсць і негатыўныя фактары падзей, якія там адбываюцца. Я пра гэта публічна заўсёды кажу", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Вы валодаеце інфармацыяй і пра палітыку, гэтую ўнутраную палітычную кухню, якая цяпер разгортваецца. З пункта гледжання нашых далейшых паводзінаў, Беларусі, нам вельмі важная ваша інфармацыя. Вы павінны мяне неяк зарыентаваць у гэтай сітуацыі", — звярнуўся ён да Медведчука.

У сваю чаргу Медвядчук заявіў, што Украіна "перажывае шматлікія праблемы". "І я тут хачу адзначыць вашу асабістую ролю і ролю Беларусі ў мірным урэгуляванні ў Данбасе. Беларусь дала перамоўную пляцоўку, былі падпісаныя вядомыя ва ўсім свеце мінскія пагадненні. Нягледзячы на тое што яны, на вялікі жаль, не выконваюцца, гэта адзінае пагадненне, якое існуе як план мірнага ўрэгулявання ў Данбасе. І ўсе бакі разумеюць тое, што мір можа быць толькі на ўмовах, падпісаных у Мінску", — сказаў ён.

Медвядчук дадаў, што ён сам з 2014 года ўдзельнічае ў перамоўным працэсе і таму часта бывае ў Мінску. "Для многіх украінцаў, якія хочуць міру ў Данбасе, Мінск стаў не проста пляцоўкай братняга, сяброўскага беларускага народа, але яшчэ і надзеяй, што мірнае ўрэгуляванне ўсё ж такі наступіць", — адзначыў ён.

Віктар Медвядчук — лідар грамадскага руху "Украінскі выбар". У 2002—2005 гадах узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта Украіны. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мае прамыя кантакты з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, што дазваляе абмяркоўваць з ім наўпрост пытанні ўрэгулявання расійска-ўкраінскага канфлікту.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН