Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988378_458712/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:52
14.01.2019 14:46 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць міністра ўнутраных спраў Шуневіча да крымінальнай адказнасці

Мінск, 14 студзеня. Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча да крымінальнай адказнасці ў сувязі з яго дыскрымінацыйнымі выказваннямі. Адпаведныя звароты ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт накіравалі старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і яго намеснік Валянцін Стэфановіч.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, гаворка ідзе пра інтэрв`ю Шуневіча тэлеканалу ОНТ, у якім ён выказаўся наконт грамадзян Беларусі, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх "дзіравымі".

Як адзначаюць праваабаронцы, "у беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян паводле матываў нянавісці менавіта па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі". "Замест таго каб супрацьстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацысцкіх поглядаў", — падкрэсліваецца ў звароце.

"Лічу, што гэтыя выказванні маюць вельмі абразлівы характар, прапагандуюць у беларускім грамадстве нянавісць і дыскрымінацыю ў дачыненні да грамадзян краіны на падставе іх сексуальнай арыентацыі, спрыяюць іх далейшай стыгматызацыі", — адзначыў Стэфановіч у заяве.

Ён падкрэсліў, што такія выказванні сведчаць аб нізкай прававой культуры Шуневіча і яго неразуменні прынцыпаў дзейнасці органаў МУС, нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных краінай.

Так, згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі, усе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Акрамя таго, артыкул 6 закона "Аб органах унутраных спраў" замацоўвае, што гэтыя органы "абараняюць жыццё, здароўе, гонар і годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў незалежна ад іх грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, узросту, адукацыі і мовы, адносіны да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, а таксама іншых абставінаў".

"Між тым выказванні Шуневіча, які з`яўляецца службовай асобай, уяўляюць сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці ў дачыненні да грамадзян краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце — сексуальнай арыентацыі, фармуюць непрыязнасць, пачуццё агіды, нянавісці і варожасці да прадстаўнікоў гэтай групы, — адзначыў Стэфановіч. — Такім чынам, лічу, што ў дзеяннях міністра ўнутраных спраў можа ўтрымлівацца склад злачынства згодна з арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або розні)".

Праваабаронцы таксама праінфармавалі незалежнага эксперта Савета па правах чалавека ААН па абароне ад гвалту і дыскрымінацыі па прыкметах сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці Віктара Мадрыгаль-Барлоса па факце публічных выказванняў Шуневіча. Мадрыгаль-Барлосу просяць звярнуць увагу ўрада Беларусі на недапушчальнасць такога кшталту заяў з боку службовых асобаў дзяржавы і неабходнасць няўхільнага захавання міжнародных абавязацельстваў у галіне абароны правоў чалавека.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН