Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988389_700125/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:31
14.01.2019 16:13 Эканоміка, Палітыка

Мядзведзеў раіць Беларусі цаніць крэдытную падтрымку з боку Расіі

Мінск, 14 студзеня. Расія захоўвае вялікі аб`ём крэдытнай падтрымкі Беларусі за кошт сродкаў, якія магла б накіраваць на развіццё ўласнай эканомікі, заявіў прэм`ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў 14 студзеня ў Маскве на нарадзе ва ўрадзе.

"Калі казаць пра такія дзяржавы — і перш за ўсё размова ідзе пра Беларусь — мы захоўваем вельмі вялікі аб`ём крэдытнай падтрымкі нашых партнёраў, гэты аб`ём перавышае 6,5 млрд долараў, не лічачы звязанага крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі", — цытуе Мядзведзева РБК.

Ён таксама падкрэсліў, што Масква не патрабуе вяртання крэдытаў, выдадзеных Мінску, а пралангуе іх "на просьбу партнёраў". "Ва ўмовах, нагадаю, калі для нас закрытыя фінансавыя рынкі заходніх краін, — дадаў Мядзведзеў. — Па сутнасці, мы дапамагаем, займаючы грошы з нашай эканомікі. Гэта трэба цаніць, разважаючы аб саюзніцкіх адносінах".

10 студзеня на нарадзе аб "сацыяльна-эканамічным развіцці краіны у 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў" Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прапрацаваць пытанне аб альтэрнатыўных варыянтах пастаўкі нафты ў Беларусь. Ён заявіў, што адсутнасць для Беларусі кампенсацыі з-за правядзення ў РФ падатковага манеўру ў нафтавай галіне не стане катастрофай, але Беларусь будзе яе дамагацца дзеля роўных умоў гаспадарання.

"Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі выбера кіраўніцтва Расіі такі шлях руху і страту адзінага саюзніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам", — сказаў Лукашэнка.

Беларускія ўлады ацэньваюць сукупныя страты з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі ў 2019—2024 гадах у 10,5 млрд долараў. Афіцыйны Мінск вядзе перамовы з Крамлём па пытанні кампенсацыі гэтых страт, аднак да цяперашняга часу яны не далі станоўчага для Беларусі выніку. Расійскія ўлады звязваюць аказанне фінансавай падтрымкі Беларусі з рэалізацыяй норм, якія пацягнуць "прасунутую інтэграцыю" дзвюх краін.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН