Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/988422_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:11
14.01.2019 18:25 Эканоміка, Палітыка

Мядзведзеў раіць Беларусі цаніць крэдытную падтрымку з боку Расіі (дапоўнена)

Мінск, 14 студзеня. Расія захоўвае вялікі аб'ём крэдытнай падтрымкі Беларусі за кошт сродкаў, якія магла б накіраваць на развіццё ўласнай эканомікі, заявіў прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў 14 студзеня ў Маскве на нарадзе ва ўрадзе.

"Калі казаць пра такія дзяржавы (перш за ўсё размова ідзе пра Беларусь), мы захоўваем, хачу нагадаць, вельмі вялікі аб'ём крэдытнай падтрымкі нашых партнёраў. Гэты аб'ём перавышае 6,5 млрд долараў, не лічачы звязанага крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі. Прычым мы не патрабуем вяртання гэтых крэдытаў. Мы пралангуем гэтыя крэдыты па просьбе нашых партнёраў ва ўмовах, калі для нас закрытыя фінансавыя рынкі заходніх краін. То бок, па сутнасці, мы дапамагаем, вымаючы грошы з нашай эканомікі. Гэта трэба цаніць, разважаючы пра саюзніцкія адносіны", — прыводзіць словы Мядзведзева прэс-служба ўрада РФ.

"Падатковы манеўр [у нафтавай галіне] уплывае на некаторых нашых суседзяў. Хоць гэта наша суверэннае рашэнне ў падатковай сферы, дзе мы самі прымаем такога кшталту рашэнні, як і нашы партнёры", — падкрэсліў кіраўнік расійскага кабінета міністраў.

"Мы іх заклапочанасць разумеем і перамовы на гэтую тэму працягваем. І я такія перамовы вёў, і калегі, прысутныя тут. Пры гэтым хачу нагадаць, што <...> мы ніколі не абяцалі кампенсаваць неатрыманыя даходы іншых краін, хай нават самых блізкіх. Хоць у шэрагу выпадкаў мы ў апошнія гады па просьбе гэтых дзяржаў ішлі на тое, каб даць ім розную беззваротную падтрымку. І сапраўды яе аказвалі, з гуманітарных нават прычын. Гэтая падтрымка вымяралася мільярдамі", — адзначыў Мядзведзеў.

10 студзеня на нарадзе аб "сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў" Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прапрацаваць пытанне аб альтэрнатыўных варыянтах пастаўкі нафты ў Беларусь. Ён заявіў, што адсутнасць для Беларусі кампенсацыі з-за правядзення ў РФ падатковага манеўру ў нафтавай галіне не стане катастрофай, але Беларусь будзе яе дамагацца дзеля роўных умоў гаспадарання.

"Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі абярэ кіраўніцтва Расіі такі шлях руху і страту адзінага саюзніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам", — сказаў Лукашэнка.

Беларускія ўлады ацэньваюць сукупныя страты з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі ў 2019—2024 гадах у 10,5 млрд долараў. Афіцыйны Мінск вядзе перамовы з Крамлём па пытанні кампенсацыі гэтых страт, аднак дагэтуль яны не далі станоўчага для Беларусі выніку. Расійскія ўлады звязваюць аказанне фінансавай падтрымкі Беларусі з рэалізацыяй норм, якія пацягнуць "прасунутую інтэграцыю" дзвюх краін.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН