Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/14/eu_988323_988324/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:29
14.01.2019 12:06 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: Беларусь разлічвае на падтрымку Венгрыі ў развіцці адносін з Еўрасаюзам

Мінск, 14 студзеня. Беларусь гатова развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Венгрыяй па ўсіх кірунках, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня на сустрэчы ў Мінску з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам.

"Можна казаць, што ў нас ёсць тавараабарот, па годзе ён вагаецца дзесьці ў межах 180—200 млн долараў. Але давайце скажам адкрыта, што гэта смешная лічба, улічваючы нашы патэнцыялы, улічваючы тое, як нашы эканомікі былі ў свой час каапераваныя. Гэта толькі пачатак. Мы гатовы па ўсіх кірунках прасоўваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва", — цытуе кіраўніка дзяржавы прэс-служба Лукашэнкі.

Пры гэтым, адзначыў ён, неабходна ўлічваць членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, яе добрыя адносіны з Кітаем і ўдзел у ініцыятыве "Адзін пояс і адзін шлях". "Ужо цягнік (кантэйнерныя перавозкі) ходзіць паміж Кітаем і Еўропай, лагістыка выбудаваная. Мы гатовыя тут прадстаўляць вашы інтарэсы. У той жа час мы разлічваем, што вы як член Еўрапейскага саюза, прытым вельмі самастойны, які мае сваю пазіцыю, будзеце нас падтрымліваць. Спалучэнне гэтых інтарэсаў надасць вялікую гандлёва-эканамічную дынаміку паміж дзвюма краінамі", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка дадаў, што Венгрыя і Беларусь развіваюць супрацоўніцтва ў многіх сферах, ёсць сумесныя праекты ў машынабудаванні, фармацэўтыцы, будаўніцтве, фінансавай галіне. "Па ўсіх кірунках у нас ёсць магчымасці працаваць. Вы хочаце, і правільна, аднавіць вытворчасць маіх любімых аўтобусаў "Ікарус". Мы гатовыя прапанаваць вам практычна бясплатна гэтую падтрымку, таму што прайшлі вельмі сур'ёзны шлях у будаўніцтве такіх аўтобусаў, — адзначыў ён. — Мы ведаем, чаму можна навучыцца ў Венгрыі, і паспяхова гэта робім".

Лукашэнка таксама выказаў падзяку венгерскаму боку за ўклад у нармалізацыю адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. "Мы пра гэта ведаем аж да літары і коскі. Мы гэта вельмі цэнім. Гэта адзін з краевугольных камянёў падмурка нашых адносін", — заявіў ён.

У сваю чаргу Петэр Сіярта падкрэсліў, што Венгрыя як краіна Цэнтральнай Еўропы выступае за развіццё супрацоўніцтва паміж Захадам і Усходам. "Мы гэта кажам не таму, што гэта цікавіць Расію ці Злучаныя Штаты Амерыкі, а таму што гэта з'яўляецца нацыянальным інтарэсам венгерскіх жыхароў. Мы хочам аб'яднаць свае намаганні з усімі, хто лічыць важным супрацоўніцтва паміж Захадам і Усходам. Таму мы працуем над тым, каб Беларусь магла больш цесна супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам", — сказаў міністр.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН