Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/988473_452147/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:34
15.01.2019 09:31 Эканоміка, Фінансы

У Беларусі пачала дзейнічаць першая крыптабіржа

Мінск, 15 студзеня. Кампанія Currency.com стала першай крыптабіржай, зарэгістраванай у беларускім Парку высокіх тэхналогій з моманту прыняцця дэкрэта прэзідэнта № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі".

Праект, які прафінансавалі кампаніі VP Capital Віктара Пракапені і Larnabel Ventures Саіда Гуцарыева, дазваляе гандляваць, інвеставаць у традыцыйныя фінансавыя інструменты, выкарыстоўваючы крыптавалюты, паведаміла БелаПАН прэс-служба праекта.

Платформа Currency.com выпусціць звыш 10.000 такенізаваных актываў. Кожны токен адпавядае базаваму рынкаваму кошту традыцыйных фінансавых інструментаў (акцыі, індэксы, сыравіна). Карыстальнікі змогуць купляць токены, выкарыстоўваючы як крыптавалюты (біткоін або эфірыум), так і фіятныя валюты (долары ЗША, еўра, беларускія або расійскія рублі).

Паводле слоў CEO Currency.com Івана Гована, гэты рэвалюцыйны блокчэйн-праект даў крытаінвестарам альтэрнатыву дыверсіфікацыі свайго партфеля праз інвеставанне ў традыцыйныя класы актываў без неабходнасці абмену крыптавалют на фіятныя грошы.

"Currency.com забяспечвае і гарантуе карыстальнікам абарону ад патэнцыйных рызык і махлярства, поўную празрыстасць транзакцый, а таксама захаванне ўсіх нарматыўных стандартаў, устаноўленых беларускім заканадаўствам у галіне рэгулявання крыптавалют", — адзначыў дырэктар праекта.

"Currency.com змяняе і рэвалюцыянізуе традыцыйныя фінансавыя тэхналогіі ў міжнародным маштабе, — пракаментаваў Саід Гуцарыеў, заснавальнік Larnabel Ventures. — Currency.com выкарыстоўвае інавацыйныя тэхналогіі, каб крыптаінвестарам былі даступныя традыцыйныя фондавыя рынкі. Дзякуючы прагрэсіўнаму дэкрэту № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" Беларусь становіцца адной з самых перспектыўных краін адносна блокчэйн-тэхналогій і лідарам у свеце па стварэнні спецыяльнай заканадаўчай базы, арыентаванай на крыптаіндустрыю".

Карыстальнікі могуць запісацца ў ліст чакання на анлайн-платформе Currency.com. Рэгістрацыя новых кліентаў будзе ажыццяўляцца па спецыяльных запрашальных кодах, што распаўсюджваюцца кампаніяй.

Мабільная версія Currency.com на iOS і Android будзе даступная для запампоўвання ў лютым 2019 года ў Apple Store і Google Play.

Larnabel Ventures была заснаваная сям`ёй буйнога расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева для інвестыцый у сектар інфармацыйных тэхналогій.

Заснаваная Віктарам Пракапенем кампанія VP Capital з`яўляецца міжнароднай інвестыцыйнай кампаніяй, арыентаванай на тэхналагічны сектар.

У канцы снежня 2017 года ў Беларусі быў прыняты дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Дакумент працягнуў старыя і зацвердзіў новыя падатковыя льготы для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, легалізаваў інстытуты англійскага права, а таксама бізнес на аснове тэхналогіі блокчэйн, у тым ліку крыптавалюты. Улады абвясцілі курс на развіццё IT-краіны. Яны спадзяюцца, што дзякуючы дэкрэту Беларусь можа стаць своеасаблівай гаванню для бізнесу ў сферы высокіх тэхналогій.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН